Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чэмпіянат Беларусі ў лёгкай атлетыцы прысьвяцілі стагодзьдзю БССР


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Адкрыты лёгкаатлетычны чэмпіянат Беларусі ў памяшканьні, які пройдзе 28-30 студзеня ў Магілёве, прысьвяцілі стагодзьдзю абвяшчэньня БССР, піша Беларуская фэдэрацыя лёгкай атлетыкі.

Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку Беларусь абвясьцілі 1 студзеня 1919 году, у 1922 годзе ССРБ перайменавалі ў БССР, яна ўвайшла ў склад Савецкага Саюза. Тэрыторыямі беларусаў тады распараджаліся, не пытаючыся саміх беларусаў. Бальшавікі разьбілі Беларускую Народную Рэспубліку, абвешчаную 25 сакавіка 1918 году, у канцы студзеня 1919-га фармальна вывелі ССРБ са складу РСФСР і ўжо 27 лютага аб’ядналі зь літоўскімі тэрыторыямі ў Літоўска-Беларускую ССР, але ў выніку вайны з Польшчай зьліквідавалі «ЛітБелССР» і аднавілі 31 ліпеня 1920 году ССРБ (пазьней БССР).

У 1991 годзе Беларусь стала незалежнай дзяржавай і БССР як адна з саюзных рэспублік спыніла сваё існаваньне.

#БССР100 не атрымалася

Сёлета ўлады пачалі кампанію адзначэньня 100-годзьдзя савецкай Беларусі, сьцьвярджаючы, што «без БССР не было б і Рэспублікі Беларусі». Ужо адзначаецца 100-годзьдзе стварэньня савецкага (тады фактычна расейскага) камсамолу. Яшчэ раней за ўлады кампанію пад назвай #БССР100 абвясьцілі ананімныя інтэрнэт-камуністы.

Гэтая назва, відаць, імітуе #БНР100 — кампаніі сьвяткаваньня стагодзьдзя абвяшчэньня незалежнасьці Беларускай Народнай Рэспублікі, зладжанай незалежнымі актывістамі (арганізатарамі кампаніі былі Павал Белавус, Антон Матолька і Эдуард Пальчыс) на грошы, сабраныя талакой

Але выглядае, што яшчэ летам сьвяткаваць 100-годзьдзе БССР не зьбіраліся шырока. У календары «Родны край», выдадзеным у жніўні на замову і «пры фінансавай падтрымцы» Міністэрства інфармацыі ў дзяржаўным выдавецтве «Беларусь», 1 студзеня толькі Новы год, але не стагодзьдзе савецкай Беларусі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG