Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Мы бачым у вас рысы людзей камунізму». У Воршы прачыталі пасланьне нашчадкам з 1969 году


Будынак Аршанскага райвыканкаму, у які была закладзеная капсула

Ліст 50 гадоў захоўваўся ў капсуле, закладзенай у сьцяну будынка Аршанскага райвыканкаму.

На мармуровай шыльдзе, якой было адзначана гэтае месца, быў напісаны запавет: ускрыць 1 студзеня 2019 году. Сёньняшнія ўлады запавет парушылі: капсулу ўскрылі толькі 8 студзеня.

З гэтай нагоды каля райвыканкаму зладзілі мітынг, сабраўшы каля 300 жыхароў гораду. Паводле тэксту ліста, да іх зьвярталася ўсё 100-тысячнае насельніцтва тагачаснай Воршы.

Шыльда на будынку Аршанскага райвыканкаму
Шыльда на будынку Аршанскага райвыканкаму

«Ворша — наша любоў, наша гордасьць, наша баявая, рэвалюцыйная і працоўная слава. Для вас яна — гісторыя», — гаварылася ў допісе, агучаным старшынём райвыканкаму Ігарам Ісачанкам, які асабіста ўскрыў капсулу. 50-гадовы ліст быў напісаны па-беларуску, і некаторыя выразы маглі б прагучаць і ў прамовах сучасных чыноўнікаў:

«Мы завяшчаем вам: ганарыцеся горадам, які будавалі мы. Ён часьцінка нашай Радзімы, а Радзіму трэба любіць».

Пасланьне пачыналася віншаваньнем «зь вялікім сьвятам 50-годзьдзя БССР і Кампартыі Беларусі», а заканчвалася зваротам да нашчадкаў, якія ў 2019 годзе мусілі б жыць у «сьветлай будучыні»: «Мы бачым у вас рысы людзей камунізму».

Гістарычны ліст і капсулу перадалі ў Музэй гісторыі і культуры, а замест старой капсулы ў сьцяну заклалі новую, з чарговым пасланьнем да нашчадкаў, якое трэба будзе дастаць яшчэ праз 50 гадоў. Новае пасланьне напісанае па-расейску.

Тэкст ліста быў агучаны, у ім гаворыцца пра надзеі на лепшае і перамогу над жыцьцёвымі цяжкасьцямі. Але даведацца зьмест пасланьня змаглі толькі прысутныя на мітынгу. Як сказалі ў райвыканкаме, гэты тэкст нідзе друкавацца ня будзе. Чыноўнікі спадзяюцца, што будынак прастаіць яшчэ 50 гадоў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG