СБУ: Сярод наймітаў ПВК Вагнэра ў Судане — двое беларусаў

Найміты ПВК Вагнэра ў Сірыі, архіўнае фота

Cлужба бясьпекі Ўкраіны апублікавала дадзеныя, якія тычацца расейскай «прыватнай ваеннай кампаніі Вагнэра» і некаторых яе ўдзельнікаў. У сьпісе фігуруюць два беларусы — Аляксей Бярговін і Аляксандар Ступніцкі.

У СБУ сьцьвярджаюць, што двое беларусаў езьдзілі ў Афрыку у складзе ПВК Вагнэр і маглі ўдзельнічаць ў задушэньні дэмакратычных пратэстаў у Судане. Гаворка ідзе пра 38-гадовага Аляксея Бярговіна з Горак і 29-гадовага аршанца Аляксандра Ступніцкага.

Таксама ў сьпісе, апублікаваным СБУ, фігуруюць грамадзяне Малдовы, Грузіі, Армэніі, Лібану.

Імя Ступніцкага ўжо ўсплывала ў справаздачы СБУ, апублікаванай мінулым летам. У ёй гаварылася пра 11 беларусаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ПВК Вагнэра.

Аляксандар Ступніцкі, паводле дадзеных СБУ, браў удзел у складзе ПВК Вагнэра падчас баявых дзеяньняў у Сырыі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: СБУ: у складзе расейскай групы «Вагнэр», што ваюе ў Сырыі і Ўкраіне, — 6 беларусаў

«Прыватная ваенная кампанія Вагнэра» згадвалася падчас ваенных дзеяньняў у Сырыі, Судане, на Данбасе. Спэцслужбы розных краін ня раз выказвалі меркаваньне пра непасрэдную датычнасьць гэтай структуры да войскаў Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што расейцы з аўтаматамі ў руках робяць у краінах Афрыкі?