Пракурор просіць рэальныя тэрміны для дваіх удзельнікаў вечарынкі, дзе дзяўчына загінула ад псыхатропаў

21-гадовы Антон ужо 4 месяцы знаходзіцца ў СІЗА

«Я ўжо страціла блізкую сяброўку, не хачу страціць яшчэ аднаго блізкага чалавека», — у сьлязах прамаўлялі сваё апошняе слова фігуранты справы аб ужываньні псыхатропаў.

Дваім маладым людзям, на чыіх вачах ад перадазіроўкі экстазі загінула сяброўка, дзяржаўны абвінаваўца папрасіў 2 і 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Астатнім пяці фігурантам — 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай выкананьня пакараньня на два гады.

Што здарылася

Паводле абвінавачаньня, васьмёра маладых людзей сабраліся 4 жніўня на кватэры загінулай дзяўчыны. Папярэдне, дамовіўшыся паміж сабой, яны сабралі грошы на набыцьцё МДМА ў дозе па 300 мг на чалавека. Адна дзяўчына набыла біткойны, перадала іх сябру для набыцьця псыхаактыўнага рэчыва. Пазьней яна ж і двое сяброў (усе непаўналетнія) забралі закладку ў лесе. Двое ўдзельнікаў прывезьлі яе на кватэру за дзень да вечарынкі.

Каму пагражаюць рэальныя тэрміны

На рэальныя тэрміны ў калёнію могуць адправіцца 21-гадовы Антон, які ўжо 4 месяцы знаходзіцца ў СІЗА, і Соф’я, якой некалькі месяцаў таму споўнілася 18 гадоў. Паводле абвінавачаньня, Антон набыў псыхаактыўнае рэчыва за біткойны, якія раней Соф’я набыла за сабраныя з удзельнікаў вечарынкі грошы. Яна ж разам з двума іншымі сябрамі забірала закладку ў лесе. Соф’я ўдзельнічала ў расфасоўваньні наркотыка на кватэры ў загінулай дзяўчыны. Антон разам са сваёй сяброўкай далучыўся да вечарынкі пазьней. І Антон, і Соф’я прызнаюць, што ўжывалі капсулы з рэчывам.

Перад пачаткам працэсу, 2 студзеня

Як характарызуюць фігурантаў справы

Залаты мэдаль, узорныя характарыстыкі са школы, перамогі ў алімпіядах, актыўны ўдзел у жыцьці кляса, старанная студэнтка — сёньня ў судзе зачытвалі іншыя матэрыялы са справы аб сумесным ужываньні псыхатропаў.

Большасьць фігурантаў справы па месцы вучобы характарызуюцца вельмі пазытыўна. Школы справаздачацца пра тое, што маладыя людзі былі сябрамі БРСМ, бацькі актыўна супрацоўнічалі з пэдагогамі, а ў школах працавалі псыхолягі і праводзіліся антынаркатычныя мерапрыемствы.

«Я дагэтуль ня вельмі разумею, як яна ўвогуле магла іх (наркотыкі) ужываць, — кажа ў судзе маці адной зь непаўналетніх абвінавачаных. Жанчына працуе фэльчарам у прыватным мэдычным цэнтры, дачку выхоўвае адна. — Мы ў вельмі блізкіх стасунках. Я заўжды ёй вельмі давярала. Яна заўжды самастойная, адказная. Ніколі не трапляла ані ў якія гісторыі, ніколі мяне не падводзіла. Паступіла сёлета ў БНТУ, але, седзячы ў СІЗА, не змагла прыступіць да вучобы. Будзе паступаць у наступным годзе».

«Я магу дакладна сказаць, што яна ніколі не ўжывала наркотыкі, — кажа маці і дадае, што як мэдык можа сьцьвярджаць гэта адказна. — Яна ведала, што гэта такое, якую шкоду яны могуць нанесьці».

Пракурор лічыць віну падсудных даведзенай

Дзяржаўны абвінаваўца лічыць, што віна ўсіх фігурантаў справы даведзеная, а абставіны супрацьзаконнага дзеяньня высьветленыя дакладна. Яна просіць кваліфікаваць іх дзеяньні па ч.1 арт. 328 (незаконны бяз мэты збыту абарот наркатычных сродкаў. — РС). І пакараць Антона Б. — 3 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, Соф’ю З. — 2 гадамі пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму і ўзяць яе пад варту ў залі суду. Астатніх пяцёх фігурантаў асудзіць на 2 гады пазбаўленьня волі з адтэрміноўкай на 2 гады.

Ці згодныя адвакаты з абвінавачваньнем

Большасьць адвакатаў згодныя з кваліфікацыяй дзеяньняў сваіх падабаронных, аднак кожны прыводзіць свае довады і просіць суд не прызначаць нікому пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі.

Катэгарычна ня згодны з абвінавачаньнем адвакат непаўналетняй М. Дзяўчына не прызнае сваёй віны ва ўжываньні псыхатропнага рэчыва. Адвакат спасылаецца на словы экспэрта, што ў крыві дзяўчыны, якая загінула, было 1,6 мкг МДМА. Паводле ягоных разьлікаў, нябожчыца ўжыла дозу, прызначаную для ягонай падабароннай. Паказаньні іншых фігурантаў у дачыненьні да яе дзеяньняў ён лічыць неадпаведнымі і просіць суд непаўналетнюю М. апраўдаць.

«Я шчыра раскайваюся, хачу працягваць жыцьцё нармальна»

Падчас апошніх словаў маладыя людзі відавочна хвалююцца, многія плачуць.

«Кожны з нас перажываў свой кашмар, — кажа І. Ягоная дзяўчына загінула. У судзе адвакат распавядае, што неўзабаве яны зь ёю разам меліся выехаць у Швэцыю на вучобу. — Мы ўсе страцілі блізкага сябра, я страціў сваю любімую дзяўчыну. Пасьля гэтага наш кашмар працягнуўся. Хтосьці сядзеў у СІЗА, хтосьці проста перажываў псыхічныя траўмы. Думаю, што ня толькі я, але і ўсе пасьля таго, што адбылося, ня змогуць фізычна дакрануцца да наркотыкаў забароненых. Прашу суд вынесьці справядлівае рашэньне».

«Я шчыра раскайваюся, хачу працягваць жыцьцё нармальна, скончыць вучобу, знайсьці працу, завесьці сям’ю», — кажа студэнтка.

«Тое, што здарылася, невыносна страшна, — кажа непаўналетні Ф. — У СІЗА ў мяне было дастаткова часу, каб пераасэнсаваць тое, што здарылася. Перад маімі вачыма было дастаткова прыкладаў таго, як ламаліся лёсы людзей праз наркотыкі. Я навучыўся думаць крытычна і зрабіў правільныя вывады, што наркотыкі нясуць зло і няшчасьце. Як чалавеку, так і ягонай сям’і і блізкім. Я раскайваюся і абяцаю больш не дакранацца да наркотыкаў».

«Не хачу, каб такое калі-небудзь паўтарылася ў маім жыцьці. Я дала сама абяцаньне ніколі ў жыцьці больш не дакранацца да наркотыкаў», — кажа непаўналетняя К.

«Я прашу літасьці, раскайваюся, лічу, што нічога больш жахлівага з намі адбыцца ня можа, — кажа С. — Лічу, што ніхто з абвінавачаных не заслугоўвае пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі».

Непаўналетняя М. ледзьве можа гаварыць — душаць сьлёзы. «Я страціла блізкага чалавека, — кажа яна. — Некаторыя мае аднагодкі перажылі жахлівае знаходжаньне ў СІЗА. Я хачу папрасіць высокі суд не прызначаць майму найлепшаму сябру пакараньня, зьвязанага з пазбаўленьнем волі. Я не хачу страціць яшчэ аднаго блізкага чалавека».

Прысуд у справе аб ужываньні псыхатропаў будзе агучаны 11 студзеня а 15-й гадзіне ў судзе Першамайскага раёну Менску.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Менску судзяць маладых людзей, якія ўжывалі псыхатропы. Дзяўчына загінула
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы ўсе былі ў шоку», — з суду над кампаніяй, у якой дзяўчына загінула пасьля псыхатропу
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Доза перавышала сьмяротную ў 4 разы. Працягваецца суд над кампаніяй, у якой ад экстазі загінула дзяўчына