Пасол Бабіч: трэба дапамагчы нашым праваслаўным украінскім братам

Міхаіл Бабіч, амбасадар Расеі ў Беларусі

Падчас візыту ў Сьвята-Усьпенскі Жыровіцкі манастыр пасол Расеі ў Беларусі пракамэнтаваў атрыманьне томасу Праваслаўнай царквой Украіны, паведамляе БелаПан.

Падзеі ва Ўкраіне, зьвязаныя з аўтакефаліяй, Міхаіл Бабіч назваў «вялікай трагедыяй для ўсяго праваслаўнага сьвету, праваслаўных вернікаў і Рускай праваслаўнай царквы».

«Сытуацыя, якая складваецца вакол украінскіх вернікаў, павінна атрымаць самую сур’ёзную ацэнку, — цытуе Бабіча прэс-служба расейскага дыппрадстаўніцтва. — Мы павінны рабіць усё для таго, каб гэты раскол ня адбыўся. Нашым праваслаўным украінскім братам трэба дапамагчы не дапусьціць самых нэгатыўных палітычных наступстваў, якія могуць выцякаць з прынятых рашэньняў».

У ліпені 2016 года Бабіч быў прызначаны паслом ва Ўкраіне, але Кіеў адмовіўся ўзгадніць яго кандыдатуру.

5 студзеня сусьветны патрыярх Варфаламей падпісаў томас аб аўтакефаліі Праваслаўнай царквы Ўкраіны.