Галоўнымі падзеямі 2018 году расейцы назвалі адкрыцьцё Крымскага моста, павышэньне пэнсійнага ўзросту і выбары прэзыдэнта. Такія вынікі апытаньня «Левада-цэнтру».
Рэспандэнты адказвалі на пытаньне: Якія зь пералічаных падзеяў 2018 года вы лічыце найважнейшымі?
47 працэнтаў расейцаў назвалі адкрыцьцё Крымскага моста. На другім месцы — пэнсійная рэформа, яе адзначылі 46 працэнтаў. Выбары прэзыдэнта лічыць галоўнай падзеяй 37 працэнтаў расейцаў.
Далей ідуць чэмпіянат сьвету ў футболе і пажар у гандлёвым цэнтры «Зімовая вішня» у Кемераве — 36 і 34 працэнты рэспандэнтаў адпаведна.
Менш за 30 працэнтаў назвалі галоўнай падзеяй году канфлікт з Украінай у Керчанскай пратоцы і ваенныя дзеяньні ў Сырыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Расеі колькасьць тых, хто шкадуе пра распад СССР, дасягнула максымуму за 10 гадоўТолькі 7 працэнтаў апытаных палічылі важным атручэньне ў ангельскім горадзе Солсбэры былога падвойнага агента Сяргея Скрыпаля, яшчэ менш (6 працэнтаў) — блякаваньне мэсэнджэра Telegram ў Расеі.
Толькі 5 працэнтаў уключылі ў лік прынцыповых падзеяў катаваньні ў расейскіх калёніях, 4 працэнты — мітынгі ў Інгушэціі супраць зьмены мяжы з Чачнёй, 3 працэнты — галадоўку рэжысэра Алега Сянцова і 2 працэнты — суд над рэжысэрам Кірылам Сярэбранікавым.
Паводле апытаньня сацыёлягаў, амаль для паловы расейцаў 2018 год аказаўся цяжэйшым за папярэдні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Левада: доля расейцаў, якія станоўча думаюць пра ВЧК і КДБ, за 20 гадоў павялічылася ўдвая