Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Левада: доля расейцаў, якія станоўча думаюць пра ВЧК і КДБ, за 20 гадоў павялічылася ўдвая


Незалежны сацыялягічны Левада-Цэнтар паведаміў, што стаўленьне расейцаў да савецкіх спэцслужбаў прыкметна палепшылася за апошнія 20 гадоў. Сёньня яны ўсё менш асацыююцца з палітычным тэрорам і ўсё больш — з абаронай інтарэсаў дзяржавы.

Калі расейцаў папрасілі адказаць на пытаньне, чым займалася ВЧК (Усерасейская надзвычайная камісія па барацьбе з контррэвалюцыяй і сабатажам, якую ўзначальваў Фелікс Дзяржынскі), толькі 12% рэспандэнтаў зьвязалі яе дзейнасьць з палітычным тэрорам і рэпрэсіямі іншадумцаў. У 1997 годзе доля такіх адказаў была ўдвая больш (23%).

ВЧК сёньня значна менш асацыюецца ў расейцаў з «барацьбой з сапернікамі савецкай улады, контррэвалюцыяй і сабатажам» (32% супраць 40% у 1997 годзе) і з барацьбой са злачыннасьцю (28% супраць 42% раней). Пры гэтым усё больш рэспандэнтаў зьвязвае ВЧК з контрвыведкай (15% супраць 9% раней) і выведкай (13% супраць 8%). Пра тое, што гэта структура была па сутнасьці палітычнай паліцыяй або тайнай паліцыяй савецкіх часоў, заявілі толькі 8% апытаных у параўнаньні з 12% дваццаць гадоў таму.

Рост пазытыўных асацыяцый сацыёлягі выявілі і ў адносінах да КДБ.

Доля рэспандэнтаў, якія асацыююць КДБ з рэпрэсіямі, скарацілася амаль на чвэрць: з 22% у 2000 годзе да да 17% сёньня. Таксама 41% расейцаў сёньня лічыць, што КДБ займаўся абаронай інтарэсаў дзяржавы, пры тым што ў 2000 годзе так думалі толькі 22%.

З 2000 году ўсе больш рэспандэнтаў лічаць, што ў КДБ служылі «прафэсіяналы, і дурняў там не трымалі» (доля такіх меркаваньняў вырасла з 12% да 15%). Яшчэ 15% расейцаў зьвязваюць КДБ з барацьбой з карупцыяй у брэжнеўскія і андропаўскія гады (у 2000 годзе пра гэта казалі 8%).

У 2000 годзе прэзыдэнтам РФ стаў выхадзец з КДБ Уладзімір Пуцін. З гэтага моманту ён амаль кожны год прысутнічае на ўрачыстых мерапрыемствах у гонар «Дня чэкіста», а вобраз супрацоўніка КДБ нярэдка падаецца ў дзяржаўных СМІ як станоўчы.

Дырэктар ФСБ Аляксандр Бортнікаў напярэдадні стогадовага юбілею расейскіх органаў дзяржбясьпекі даў вялікае інтэрвію «Российской газете». У ім ён заявіў, што «дзейнасьць цяперашніх органаў бясьпекі ня мае нічога агульнага з „надзвычайшчынай“, што ў рэпрэсіях вінаватыя ня толькі чэкісты, і што спэцслужба» выяўляла і перарывала падрыўную дзейнасьць замежных спэцслужбаў, тэрарыстычных, бандыцкіх і белаэмігранцкіх арганізацый і ў забесьпячэньні харчовай бясьпекі ".

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG