Хакеры з групы Digital Revolution сьцьвярджаюць, што ўзламалі сэрвэр навукова-дасьледчага інстытуту «Квант», які належыць ФСБ Расеі.
Апублікаваныя імі дакумэнты апісваюць распрацоўку сыстэмы маніторынгу сацсетак, асноўная мэта якой — выяўленьне і аналіз пратэстных настрояў. Такую сыстэму, сьцьвярджаюць у Digital Revolution, «Квант» у якасьці субпадрадчыка ўжо рэалізуе ў Казахстане. Па дадзеным рускай службы BBC, Міністэрства інфармацыі Казахстана вылучыла на гэта 4,3 мільёна долараў.
У якасьці доказаў узлому хакеры выклалі скрыншоты з назвамі тэчак і сьпісам адміністратараў на сэрвэры «Кванта». Акрамя таго, яны зьмянілі код афіцыйнага сайту арганізацыі: пры заходзе на яго на працягу некаторага часу зьяўляліся выявы сабак у балахонах — аднаго зь сымбаляў Digital Revolution. Цяпер сэрвэр «Кванта» адключаны разам з сайтам і карпаратыўная поштай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ФБР папярэдзіла аб пагрозе атакаў крамлёўскіх хакераў на энэргетычныя і ядзерныя аб’екты ЗШАСыстэма маніторынгу грамадзкай думкі ў інтэрнэце, якая распрацоўваецца «Квантам», прапануе выкарыстоўваць саманавучальныя нэйронавыя сеткі для аўтаматычнага аналізу зьместу пастоў у самых папулярных сацсетках — «вКонтакте», Фэйсбуку, «Аднаклясьніках» і Інстаграме. У якасьці «стоп-слова» пры тэставаньні сыстэмы прыводзіцца прозьвішча расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага.
«Прыкладам выкарыстаньня клясычных маніпулятыўных мадэляў у арганізаваных кампаніях супраць канкрэтнага палітыка можа служыць кампанія, праводзімая апазыцыяй супраць Хуснуліна», — гаворыцца ў адным з дакумэнтаў, рассакрэчаных хакерамі. Гаворка, па ўсёй верагоднасьці, ідзе пра віцэ-мэра Масквы Марата Хуснуліна. Супрацоўнікі «Кванта» змаглі навучыць нейрасецткі аналізаваць пасты з такімі фразамі, як «варварства забудоўшчыкаў», «бязьмежжа», «пуцінска-сечынскім застой», і лёзунгамі кшталту «Хопіць хуснуліць Маскву». «Цяпер махавік дэманізацыі вобраза Хуснуліна раскручаны настолькі, што яму цяжка супрацьстаяць, — робяць выснову дасьледчыкі. — Любое выказваньне Хуснуліна пойдзе яму на шкоду».
Таксама з уцечкі вынікае, што «Квант» можа маніторыць супольнасьць «Путин уходи» у адной з сацыяльных сетак.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ўзмацняе кібэратакі супраць ЗША і іх саюзьнікаў — кіраўнік амэрыканcкай выведкіЗакрыты інстытут «Квант», які базуецца ў маскоўскім раёне Хаўрыно, у 1970-я гады ствараў першыя савецкія ЭВМ, у 2008 годзе яго падпарадкавалі ФСБ. Па дадзеным WikiLeaks, НДІ быў адным з кліентаў італьянскай кампаніі Hacking Team. У 2012-2014 гадах «Квант» мог набыць у яе некалькі шпіёнскіх праграм, сярод якіх, па дадзеным Forbes, была «Аддаленая сыстэма кантролю», якая дазваляла адсочваць дзеяньні на зараджаных ёй прыладах, а менавіта рабіць здымкі з экрана, падлучацца да вэб-камэры і мікрафону, перахопліваць перапіску і паролі.
У 2018 годзе ЗША ўвялі санкцыі супраць «Кванта». Улады краіны лічаць, што НДІ мог быць датычны да хакерскіх нападаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.