Беларусь сабралася здабываць золата ў Судане

Ілюстрацыйнае фота

Гэта трэба, каб «спрасьціць узаемаразьлікі між нашымі дзяржавамі», перадае БелТА словы Аляксандра Лукашэнкі пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам Судану Амарам Хасанам Ахмадам аль-Башырам 10 сьнежня.

Паводле Лукашэнкі, у Беларусі і Судану «цудоўныя палітычныя стасункі» – у адказ на сёньняшняе адкрыцьцё амбасады Судану ў Менску Беларусь «гатовая да такіх жа крокаў на тэрыторыі Судану».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка сустрэўся з «самым жорсткім» прэзыдэнтам з Афрыкі. Хто такі аль-Башыр

Як расказаў Лукашэнка, да ягонага наступнага візыту ў Судан («няма часу цягнуць гэтыя праекты да 2020 году», казаў ён) павінны:

  • стварыць у Судане машынабудаўнічы цэнтар, паставіць туды першыя камплекты беларускай тэхнікі для зборкі;
  • збудаваць сельскагаспадарчы комплекс для вытворчасьці мяса і малака;
  • арганізаваць цяплічны комплекс для вырошчваньня гародніны і расады ў закрытым грунце;
  • пачаць здабычу ў Судане золата супольна беларускімі кампаніямі і суданскімі спэцыялістамі, каб «спрасьціць узаемаразьлікі між нашымі дзяржавамі».

Беларусы ўжо дапамагаюць шукаць золата ў Судане, зьбіраліся шукаць нафту і ваду.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я лячу туды, дзе прымаюць»: навошта Лукашэнку афрыканскае турнэ

Лукашэнка адзначыў, што Беларусь і Судан маюць «шмат супадзеньняў» у стасунках: «палітычная, эканамічная і нават вайскова-тэхнічная супраца». У 2013 годзе экспэрты ААН заяўлялі, што Судан парушыў санкцыі гэтай арганізацыі адносна закупу ўзбраеньняў, выкарыстоўваючы супраць антыўрадавых паўстанцаў у правінцыі Дарфур ракеты і самалёты, дастаўленыя Беларусьсю.