Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь будзе шукаць у Судане нафту і ваду. Экспэрт мяркуе, што гэта стратны праект


Ілюстрацыйнае фота

28–30 жніўня Беларусь наведае афіцыйная дэлегацыя Нацыянальнай асамблеі Судану на чале зь яе кіраўніком Ібрагімам Амэрам. Пра гэта Свабодзе сёньня паведаміў старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў па міжнародных справах Валер Варанецкі. Мяркуецца, што ў Менску падпішуць мэмарандум аб супрацоўніцтве паміж парлямэнтамі абедзьвюх краін.

«А на восеньскую сэсію наша камісія вынесе праект закону аб ратыфікацыі дамовы аб дружалюбных адносінах і супрацоўніцтве паміж Беларусьсю і Суданам — кажа спадар Варанецкі. — Дамова была падпісаная сёлета ў студзені. У ёй прапісана, што Беларусь і Судан будуць выбудоўваць свае дачыненьні на аснове ўзаемнай павагі, незалежнасьці, сувэрэнітэту. Там прадугледжанае раўнапраўнае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва ў палітычнай, эканамічнай, навукова-тэхнічнай, сацыяльнай, гуманітарнай і іншых галінах».

Судан, большую частку якога займаюць пустынныя пяскі, ужо некалькі апошніх год шукае супрацоўніцтва зь Беларусьсю. Афрыканская краіна найперш разьлічвае на досьвед беларускіх спэцыялістаў у сфэры бурэньня артэзіянскіх сьвідравін і ачысткі пітной вады. Ёсьць спадзяваньні і на пошукі нафты. Хоць штогод Судан здабывае каля пяці мільёнаў тон нафты, але гэта ня ўвесь ягоны патэнцыял.

мы самі слаба ўяўляем гэты сьвет. Бо, каб яго ведаць, трэба мець добрую сыстэму адукацыі, прафэсійныя дасьледчыя інстытуты. У нас гэтага няма. Таму мы і тыкаемся ўсьляпую. Найхутчэй, гэта прывядзе да чарговых страт

«Беларусь далёка не адзіная краіна, да якой Судан зьвяртаецца па дапамогу, — кажа кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін. — Але Судан разам з Аўганістанам, Іракам, Лібіяй і яшчэ некалькімі іншымі краінамі ўваходзіць у катэгорыю дзяржаў з максымальнай рызыкай. Таму ніхто асабліва не адгукаецца на просьбы ўладаў Судану. Атрымліваецца, што мы ідзем туды, дзе фактычна няма выбару.

Да таго ж мы самі слаба ўяўляем гэты сьвет. Бо, каб яго ведаць, трэба мець добрую сыстэму адукацыі, прафэсійныя дасьледчыя інстытуты. У нас гэтага няма. Таму мы і тыкаемся ўсьляпую. Найхутчэй, гэта прывядзе да чарговых страт.

Хоць тут трэба адзначыць, што пошукі вады цяпер больш пэрспэктыўныя за пошукі нафты. Вада і цяпер у некаторых краінах у дэфіцыце. А ёсьць трывога, што сытуацыя яшчэ пагоршыцца».

XS
SM
MD
LG