Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь пачала здабываць нафту ў Эквадоры. Экспэрт: Для гэтай нафты няма рынкаў збыту


Ілюстрацыйнае фота

Вытворчае аб’яднаньне «Беларуснафта» пачало здабываць нафту ў Эквадоры. Пра гэта паведаміў намесьнік генэральнага дырэктара прадпрыемства па геалёгіі Пётар Поўжык.

Беларускія нафтавікі працуюць у адпаведнасьці з кантрактам, які быў заключаны зь дзяржаўнай нафтаздабыўной кампаніяй Эквадора «Пэтраамазонас». Эквадор стаў другой лацінаамэрыканскай краінай пасьля Вэнэсуэлы, дзе беларусы пачалі здабываць нафту, паведамляе БЕЛТА.

Яўген Красулін
Яўген Красулін

«Для таго каб гэты праект стаў удалым, трэба мець добрую каньюнктуру нафты на энэргетычным рынку», — камэнтуе Свабодзе сытуацыю кандыдат гістарычных навук Яўген Красулін:

«А апошнім часам цэны на нафту не растуць, і ў пэрспэктыве падвышэньня чакаць не выпадае. Па-другое, калі нехта бярэцца за такую справу, то неабходна мець адпаведную сыстэму (эканамічную і палітычную), якая прыносіла б свой плён. Калі гэтага няма, то любая ініцыятыва, як бы яна ні падавалася пэрспэктыўнай, нічога карыснага не прынясе.

Нават калі знойдуць добрыя запасы нафты, якія могуць быць пэрспэктывы? Адразу ўзьнікне пытаньне: дзе ўзяць вялікія грошы, бо гэта справа ня танная? Ні Эквадор, ні Беларусь такіх сродкаў ня маюць. Далей узьнікае новае пытаньне: дзе знайсьці рынкі збыту для гэтай нафты? На нафтавым рынку канкурэнцыя даволі вялікая, і ўшчаміцца туды вельмі і вельмі складана.

Так што выглядае гэта справай вельмі далёкай пэрспэктывы. Аднак у той час, калі нешта зладзіцца, замест вуглевадародаў, як кажуць навукоўцы, будуць панаваць нейкія іншыя крыніцы энэргіі.

Я назваў бы гэтую навіну воклічам зь мінуўшчыны. Гадоў 20 таму такая навіна была б вельмі дарэчнай і цікавай. А цяпер яна ўжо гучыць анахранізмам».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG