Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэнецца з суданскім дыктатарам аль-Башырам


Прэзыдэнт Судану Ўмар Хасан Ахмад аль-Башыр

Аляксандар Лукашэнка 15-17 студзеня зробіць візыты ў Эгіпет і Рэспубліку Судан, перадае ягоная прэс-служба.

У сталіцы Судану Хартуме Аляксандар Лукашэнка правядзе перамовы з кіраўніком дзяржавы Ўмарам Хасанам Ахмадам аль-Башырам, абмяркуе зь ім пэрспэктывы і асноўныя кірункі разьвіцьця беларуска-суданскіх стасункаў і канкрэтныя крокі па іх пашырэньні, таксама пройдуць сустрэчы зь віцэ-прэзыдэнтам Судану і старшынём Нацыянальнай асамблеі.

Умар Хасан Ахмад аль-Башыр рэгулярна фігуруе ў сьпісах самых жорсткіх дыктатараў сьвету, часта называецца самым жорсткім у Афрыцы. Ён прыйшоў да ўлады ў 1989 годзе ў выніку вайсковага перавароту, з таго часу захаваў пасаду.

У 2009 годзе ён стаў першым дзейным кіраўніком дзяржавы, на якога быў выдадзены ордэр на арышт Міжнародным крымінальным судом. Яго прызналі вінаватым у кіраваньні кампаніяй масавых забойстваў, гвалтаваньняў і рабаваньняў у правінцыі Дарфур, ваенных злачынствах і злачынствах супраць чалавецтва.

Канфлікт у Дарфуры, што трывае з 2003 году, паводле ацэнак ААН, забраў жыцьці 300 тысяч чалавек. ЗША і шэраг міжнародных арганізацыяў прызналі дзеяньні суданскіх уладаў у Дарфуры генацыдам.

Незалежнасьць ад Судану ў 2011 годзе абвясьціў Паўднёвы Судан, у якім у 2013 годзе пачалася ўласная грамадзянская вайна.

Валавы ўнутраны прадукт амаль роўны ў Беларусі і Судане, але паводле ВУП на душу насельніцтва Судан на 135-м месцы ў сьвеце, калі Беларусь — на 72-м. Большая частка эканомікі Судану прыпадае на аграрны сэктар. Да 90% экспарту Судану прыпадае на нафту і нафтапрадукты.

Глядзець камэнтары (1)

Гэтая дыскусія закрытая.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG