Прадстаўнік БПЦ: «Паўстаньне Каліноўскага было польскім»

Афіцыйны прадстаўнік БПЦ Сергій Лепін

Афіцыйны прадстаўнік Беларускай праваслаўнай царквы Сяргей Лепін у сваім фэйсбуку выказаўся з нагоды абмеркаваньня беларускага падручніка расейскай літаратуры, дзе паўстаньне 1863–1864 гадоў называецца польскім. У прыватнасьці, Лепін напісаў, што паўстаньне было польскім, а Кастусь Каліноўскі — польскі патрыёт.

У беларускіх падручніках расейскай літаратуры для 8-й клясы, выдадзеных у 2018 годзе, паўстаньне Кастуся Каліноўскага 1863–64 гадоў называецца польскім. Дапаможнік выпушчаны навукова-мэтадычнай установай «Нацыянальны інстытут адукацыі» і дапушчаны Міністэрствам адукацыі Рэспублікі Беларусь.

Беларускі гісторык і літаратуразнаўца Генадзь Кісялёў ставіў пад сумнеў, што дакумэнт, на які спасылаецца Сергій Лепін, сапраўды напісаны Кастусём Каліноўскім.

У сваім артыкуле «Здарэньне зь Яськам-гаспадаром» у падтрымку сваёй думкі Кісялёў прыводзіць меркаваньні на гэты конт Адама Станкевіча, польскага дасьледніка Кшыштафа Канкалеўскага, расейскага гісторыка А. П. Сьмірнова ды іншых навукоўцаў, якія лічылі, што гэтая адозва зьяўляецца падробкай з боку цэнтральнага паўстанцкага ўраду (белых).