«Дзёрзкая поўха, флэшмоб і сумнеўныя сэлфі». МУС выступіла з заявай у абарону скульптуры гарадавога

Скульптура менскага гарадавога

У Міністэрстве ўнутраных спраў удакладнілі, што можна, а чаго нельга рабіць каля скульптуры гарадавога.

Паводле МУС, менскі гарадавы — гэта «частка паўсядзённай гарадзкой культуры», «вобраз законнасьці і прыклад для перайманьня». А ўсе акцыі, якія «выпалі на долю бронзавай скульптуры», — танны піяр. Так у МУС адказалі на апошнія падзеі вакол скульптуры гарадавога(поўха, ускладаньне вянка, пацалунак).

«Дзёрзкая поўха, флэшмоб і сумнеўныя сэлфі, хуліганскія выхадкі — чаго толькі ня выпала на долю бронзавай фігуры гарадавога. Дзе ж тая мяжа дазволенага, пераступаючы якую чалавек становіцца правапарушальнікам? Нездаровы ажыятаж, які наўмысна падаграваецца сёньня асобнымі грамадзянамі вакол скульптурнай групы, ня мае нічога агульнага з нармальным і зразумелым жаданьнем мінакоў дакрануцца да славутасьці, сфатаграфаваць яе ці сфатаграфавацца разам зь ёй. Урэшце, успомніць гістарычную мінуўшчыну», — паведамляецца ў заяве на афіцыйным сайце МУС.

У заяве даводзіцца, што ўсе акцыі каля скульптуры гарадавога могуць кваліфікавацца законам як дробнае хуліганства паводле Адміністрацыйнага кодэксу, а таксама як несанкцыяваныя акцыі. Згадваецца нават 339-ы артыкул крымінальнага кодэксу («Хуліганства»).

«Відавочна, што ўвага грамадзкасьці да скульптурнай групы (зрэшты, як і любога іншага аб’екта гарадзкой інфраструктуры) можа толькі вітацца. У той час як дзеяньні, накіраваныя на парушэньне грамадзкага парадку, разглядаліся і будуць разглядацца праз прызму закону!» — рэзюмуюць у МУС.

3-га сьнежня суд Маскоўскага раёну Менску аштрафаваў Вячаслава Касінерава і Сяргея Спарыша на 735 рублёў кожнага за ўскладаньне да менскага гарадавога вянка з надпісам «Іміджу МУС». Яшчэ раней міліцыя заставіла прасіць прабачэньня на камэру менскага школьніка, які даў поўху скульптуры гарадавога.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Гарадавы з сабачкам — правобраз сучаснага міліцыянта. «Белая Русь» адказала наконт скульптуры каля МУС

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ахвяры менскага гарадавога. Поўны сьпіс