Разьвітаньне з Бушам-старэйшым пройдзе ў Вашынгтоне, пахаваньне — у Тэхасе

Экс-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы.

Экс-прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы, які памёр у пятніцу, будзе пахаваны ў сераду ў Тэхасе на тэрыторыі бібліятэкі, якая носіць яго імя. Яна знаходзіцца пры ўнівэрсытэце Каледж-Стейшен. Пра гэта паведамляецца на сайце адукацыйнай установы.

Паводле заявы, былы кіраўнік дзяржавы супакоіцца побач са сваёй жонкай Барбарай, якая памерла 7 месяцаў таму, і дачкой Робін, якая памерла ў 1953 годзе ва ўзросьце трох гадоў. Цырымонія пахаваньня будзе закрытай, аднак студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі навучальнай установы змогуць назіраць за жалобнай працэсіяй. У дзень пахаваньня ўнівэрсытэт працаваць ня будзе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт, які прызнаў Беларусь. Хаця і не адразу

Разьвітаньне з Бушам раней пройдзе ў Вашынгтоне. Труну з целам выставяць у ратондзе Капітолія — у «сэрцы» амэрыканскага парлямэнту. За ўсю гісторыю такі гонар выпадаў толькі некалькім дзясяткам самых выдатных дзеячаў ЗША.

На знак павагі прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп распарадзіўся закрыць 5 сьнежня ўсе выканаўчыя аддзелы і агенцтва фэдэральнага ўраду. Кіраўнік Белага дому і яго жонка Мэланія былі запрошаныя на пахаваньне.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памёр былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы. Яму было 94 гады

У сувязі са сьмерцю былога амэрыканскага лідэра ўлады Кувэйта выказалі Трампу спачуваньні. Эмір Кувэйта шэйх Сабах нагадаў аб падтрымцы, якую Буш аказаў яго краіне, калі ў 1991 годзе амэрыканскія войскі і іх саюзьнікі вымусілі войскі Іраку сысьці з тэрыторыі Кувэйта.

41-ы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы памёр у мінулую пятніцу ва ўзросьце 94 гадоў. Знаходзячыся ў Белым доме з 1989 па 1993 год, Джордж Буш стаў удзельнікам і сьведкам падзеньня жалезнай заслоны, путчу ГКЧП, распаду СССР, першай вайны ў Пэрсыдзкім заліве, а таксама вайны ў былой Югаславіі.

Генэральны сакратар NATO Енс Столтэнбэрг назваў Буша-старэйшага адным з архітэктараў эры, якая наступіла пасьля халоднай вайны. Спачуваньні выказаў былы прэзыдэнт СССР Міхаіл Гарбачоў, які ня раз быў партнэрам Буша на перамовах.