Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Памёр былы прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы. Яму было 94 гады


Джордж Буш-старэйшы, 1992 год

Сёньня ва ўзросьце 94 гадоў памёр Джордж Буш-старэйшы, 41-ы прэзыдэнт Злучаных Штатаў. Ён быў прэзыдэнтам з 1989 па 1993 год - у ключавы пэрыяд ХХ стагодзьдзя, падчас якога адбыўся крах сусьветнай камуністычнай сыстэмы і распад Савецкага Саюзу.

«Амэрыка ня роўная сябе, калі яна не кіруецца высокімі маральнымі прынцыпамі. Мы, як народ, маем такую мэту сёньня. Мы павінныя зрабіць нашую нацыю дабрэйшай, а сьвет — больш шчырым. Мае сябры, мы мусім зрабіць гэтую працу».

З гэтых словаў, сказаных падчас інаўгурацыі, пачалося прэзыдэнцтва Джорджа Буша-старэйшага.

Падчас ягонага тэрміну кіраваньня сьвет убачыў падзеньне «жалезнай заслоны», крах камуністычнай сыстэмы і распад СССР, а таксама эпохі, калі ЗША засталіся адзінай звышдзяржавай у сьвеце.

Джордж Буш-старэйшы і савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, Мальта, 1989
Джордж Буш-старэйшы і савецкі лідэр Міхаіл Гарбачоў, Мальта, 1989

Буш уступіў у вайну зь Іракам, а таксама ўсталяваў новае стратэгічнае партнэрства з посткамуністычнай Расеяй, якое прадугледжвала значнае скарачэньне ядзерных арсэналаў.

41-прэзыдэнт ЗША шмат зьведаў за сваё жыцьцё, ён удзельнічаў у Другой сусьветнай вайне, пасьпяхова займаўся нафтавым бізнэсам, узначальваў ЦРУ, быў амбасадарам ЗША ў ААН і ў Кітаі, займаў пасаду віцэ-прэзыдэнта ЗША падчас двух тэрмінаў кіраваньня Рональда Рэйгана.

Ён быў таксама самым старым экс-прэзыдэнтам Злучаных Штатаў.

Буш нарадзіўся ў штаце Масачусэц у 1924 годзе ў сямʼі банкіра і сэнатара Прэската Буша.

Сыны Джорджа Буша-старэйшага Джордж і Джэб былі губэрнатарамі штатаў Тэхас і Флорыда, Джордж Буш-малодшы ў 2000 годзе быў абраны прэзыдэнтам ЗША.

Буш атрымаў адукацыю ў элітных школах і паступіў на службу ў ВМС ЗША ў 1942 годзе. Ва ўзросьце 18 гадоў ён быў самым маладым лётчыкам ВМФ у той час. Падчас Другой сусьветнай вайны ён зрабіў 58 баявых вылетаў у якасьці пілёта бамбавіка-тарпэданосца.

Падчас аднога з гэтых вылетаў, у 1944 годзе, яго эскадрыльля трапіла пад моцны агонь японскіх зэнітак. Самалёт Буша быў падбіты, ён выскачыў з парашутам, толькі праз 4 гадзіны яго знайшла каманда выратавальнікаў.

Пасьля ваеннай службы Буш вучыўся ў Ейльскім унівэрсытэце. Ён ажаніўся з Барбарай Пірс у 1945 годзе, і прыблізна ў той жа час заняўся нафтавым бізнэсам у Тэхасе.

Шлюб Джорджа і Барбары Бушаў доўжыўся 73 гады — самы доўгі шлюб прэзыдэнцкай пары ЗША. Яго жонка, якая лічыцца адной з самых папулярных першых лэдзі ў гісторыі Злучаных Штатаў, памерла ў красавіку 2018 году.

Барбара і Джордж Бушы з сынам Джорджам, 1947
Барбара і Джордж Бушы з сынам Джорджам, 1947

Буш двойчы няўдала балятаваўся ў Сэнат, але быў абраны ў палату прадстаўнікоў, перш чым прыцягнуць увагу прэзыдэнта Рычарда Ніксана, які прызначыў Буша амбасадарам ЗША ў Арганізацыі Абʼяднаных Нацыяў. Пераемнік Ніксана, прэзыдэнт Джэральд Форд, прызначыў Буша дырэктарам ЦРУ, дырэктарства Буша прыпала на пэрыяд пасьля скандалу Ўотэргейт.

У 1980 годзе Буш змагаўся за вылучэньне яго кандыдатам у прэзыдэнты ад рэспубліканцаў, але прайграў Рэйгану. Падчас рэспубліканскіх праймэрыз Буш крытыкаваў падыходы Рэйгана да эканомікі, назваўшы прапановы канкурэнта «шаманскай эканомікай». Аднак Рэйган прапанаваў Бушу ўдзельнічаць у выбарах кандыдатам на пасаду віцэ-прэзыдэнта ЗША.

На пасадзе прэзыдэнта Джордж Буш надаваў значную ўвагу замежнай палітыцы, асабліва калі ў СССР зьявіліся прыкметы краху. У сваёй інаўгурацыйнай прамове Буш сфармуляваў сваё бачаньне новага сьвету, які надыходзіў пасьля 40 гадоў «халоднай вайны»:

«Таталітарная эра сканчаецца, яе старыя ідэі аблятаюць, як лісьце са старажытнага, мёртвага дрэва. Новы вецер дзьме і нацыя, адноўленая ў свабодзе, гатовая рушыць наперад. Ёсьць новая зямля, якой трэба дасягнуць, і ёсьць новыя крокі, якія трэба зрабіць».

У рэшце рэшт Савецкі Саюз разваліўся і Буш працаваў над тым, каб дапамагчы стварэньню «новага сусьветнага парадку».

Барбара Буш і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, Ватыкан, 1989
Барбара Буш і прэзыдэнт ЗША Джордж Буш-старэйшы з Папам Рымскім Янам Паўлам ІІ, Ватыкан, 1989

Ён спрыяў разьвіцьцю дэмакратыі ў заходнім стылі ў былых камуністычных краінах і іх інтэграцыі ў сусьветную эканоміку.

Пры Джорджы Бушы-старэйшым ЗША прызналі незалежнасьць нованароджанай Рэспублікі Беларусь. Прэзыдэнт Буш накіраваў у Менск першую дыпляматычную місію ЗША.

Нягледзячы на посьпехі на міжнароднай арэне праблемы ў амэрыканскай эканоміцы перашкодзілі пераабраньню Буша на другі тэрмін. Сярод найбольш спрэчных яго рашэньняў стала падвышэньне падаткаў у 1990 годзе, каб скараціць дэфіцыт фэдэральнага бюджэту.

У 1992 годзе Джордж Буш прайграў прэзыдэнцкія выбары дэмакрату Білу Клінтану.

Пасьля сыходу з Белага дому Буш сышоў з палітыкі, але не з грамадзкага жыцьця. Ён і яго пераемнік Клінтан выкарыстоўвалі свой грамадзкі ўплыў для стымуляваньня сацыяльных і культурных ініцыятываў, а таксама два служылі ў якасьці амбасадараў добрай волі за мяжой. Разам два былыя прэзыдэнты дапамаглі ахвярам цунамі ў сьнежні 2004 году, а таксама ахвярам урагану Катрына ў паўднёвай частцы Злучаных Штатаў у верасьні 2005 года.

Джордж Буш-старэйшы і Джордж Буш-малодшы на пахаваньні Барбары Буш, 2018
Джордж Буш-старэйшы і Джордж Буш-малодшы на пахаваньні Барбары Буш, 2018

Буш пакутаваў ад хваробы Паркінсана, якая прымусіла яго выкарыстоўваць скутэр або інвалідны вазок пасьля 2012 году.

Але Буш заставаўся фізычна актыўным ва ўзросьце ў глыбокай старасьці. Ён зрабіў некалькі скачкоў з парашутам пасьля выхаду на пэнсію, на свае 75-ы, 80-ы і 90-ы дні нараджэньня.

Цытаты Джорджа Буша-старэйшага

Падобна таму, як барʼеры падаюць у Вугоршчыне, яны павінны падаць па ўсёй Усходняй Эўропе. Няхай далей будзе Бэрлін. Няхай Бэрлін будзе наступным

Выступ у Нямеччыне, 31 траўня 1989

Свабода ня тое ж самае, што незалежнасьць. Амэрыканцы ня будуць падтрымліваць тых, хто імкнецца да незалежнасьці для таго, каб замяніць тыранію цэнтру мясцовым дэспатызмам. Яны не дапамогуць тым, хто займаецца самазабойчым нацыяналізмам на аснове этнічнай нянавісьці

З выступу ва ўкраінскім парлямэнце, 1 жніўня 1991 году

Расея і Саюз — як матрошка. Яны былі ўкладзены адзін у адным. У рэальнасьці мы спаборнічалі з Расеяй, але была яна ў выглядзе Саюза, гэта значыць на нагах у яе былі велізарныя гіры. Цяпер гэтыя гіры пры распадзе Саюзу прыбраныя, Расея пераадолее свае цяперашнія праблемы і стане значна больш злой і магутнай, і добра запомніць усіх, хто яе сёньня пакрыўдзіў. І я хацеў бы быць такім жа сябрам Расеі, якім я быў ворагам Саветаў

Надыдзе дзень — і гэта не за гарамі — калі спадчына Лінкальна, нарэшце, будзе выкананая, калі чорнаскуры мужчына ці жанчына будзе сядзець у Авальным кабінэце. І будзе самы цудоўны дзень, калі гэта адбудзецца

У мяне заўсёды ёсьць уласнае меркаваньне з нагоды ўсяго, з чым мне даводзіцца сутыкацца. Але я не заўсёды зь ім згодны

Я кансэрватар, але я не павернуты на сваіх перакананьнях

Ніколі не разумеў, што ня так у тым, каб быць занудай.

Нейкая цынік — здаецца, хтосьці з былых прэзыдэнтаў — сказаў: калі ты хочаш мець у Вашынгтоне добрага сябра — завядзі сабаку. Я заўсёды ўспрымаў гэтую параду літаральна, аднак не скарыстаўся ёй. Мне не патрэбны сабака, бо ў мяне ёсьць Барбара Буш.

Мне не патрэбная Амэрыка, якая зачыненая для сьвету. Мне патрэбны сьвет, які адкрыты для Амэрыкі.

Кожны, хто кажа вам, што лепшыя часы для Амэрыкі ўжо ззаду, глядзіць ня ў той бок.

Я ніколі ня стану прасіць прабачэньня за палітыку Злучаных Штатаў, пра што б ні казалі мне факты. Я ня той хлопец, які просіць прабачэньня за Амэрыку.

Кампэтэнтнасьць — гэта вельмі сумнеўная даброта. Для мяне гэта падобна таму, каб адпраўляць цягнікі дакладна па раскладзе, ня ведаючы, куды яны ідуць.

Ідэя паліткарэктнасьці спарадзіла жорсткія спрэчкі па ўсёй краіне. І хоць гэта пачалося з ухвальнай ідэі сьцерці з твару зямлі рэшткі расізму, сэксізму і іншыя віды нянавісьці, гэтая ідэя ўсяго толькі замяніла старыя віды нянавісьці новым. Паліткарэктнасьць назаўжды абвясьціла забароненымі многія тэмы, многія выразы і нават некаторыя жэсты, а тое, што пачыналася як крыжовы паход дзеля цывілізацыі, выліліся ў цэнзуру і новыя канфлікты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG