Авіякампанія «Белавія» і Беларуская чыгунка пакуль прадаюць квіткі для грамадзянаў Расеі на ранейшых умовах.
Украіна на час дзеяньня ваеннага становішча забараніла ўезд у краіну для мужчын – грамадзянаў Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Украіна забараніла ўезд мужчынам – грамадзянам Расеі ўзростам ад 16 да 60 гадоўГрамадзяне Расеі часта выкарыстоўваюць авіярэйсы ва Ўкраіну празь Менск, бо авіязносінаў паміж Расеяй і Ўкраінай няма.
У «Белавіі» паведамілі, што пакуль не атрымлівалі афіцыйнага паведамленьня наконт забароны на ўезд ва Ўкраіну грамадзянам Расеі.
«Таму квіткі прадаюцца, тым больш што пра дакумэнты мы ніколі не кансультавалі і пасажыры нясуць асабістую адказнасьць за тое, ці могуць яны ляцець, — патлумачылі ў інфармацыйна-даведачнай службе «Белавія». — Нам для продажу квіткоў дастаткова дзейнага пашпарта, як і для любой транспартнай кампаніі. Вяртаньне ўжо набытых квіткоў таксама адбываецца на агульных падставах».
У «Белавіі» паведамілі, што рэйсы лятаюць паводле пляну, выпадкі няпропуску ці вяртаньня пасажыраў – грамадзянаў Расеі з тэрыторыі Ўкраіны сёньня невядомыя.
У даведачнай службе ў пытаньнях пасажырскіх перавозак Беларускай чыгункі сказалі, што білеты на цягнікі ва Ўкраіну для грамадзянаў Расеі пакуль прадаюцца, як і раней, без усялякіх абмежаваньняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Памежны камітэт Беларусі: інфармацыі пра масавыя вяртаньні грамадзян Расеі нямаУ Дзяржаўным памежным камітэце Беларусі Свабодзе паведамілі, што на раніцу 30 лістапада пункты пропуску на беларуска-ўкраінскай мяжы працавалі ў штатным рэжыме.
«Пакуль няясна, зь якога моманту будзе дзейнічаць гэтая забарона. Афіцыйнай інфармацыі беларускаму боку пакуль не паступала», — сказаў прэс-сакратар Памежнага камітэту Беларусі Антон Бычкоўскі.
Расея вядзе супраць Украіны гібрыдную вайну, анэксавала паўвостраў Крым, падтрымлівае баевікоў на Данбасе. Пасьля захопу Расеяй трох украінскіх караблёў, Украіна ўвяла ваеннае становішча ў 10 рэгіёнах.