Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна не пусьціла на сваю тэрыторыю 8 беларусаў, але агульнай забароны няма, — Памежная служба Ўкраіны


Ілюстрацыйнае фота. Памежная служба Ўкраіны

Украіна забараніла ўезд на сваю тэрыторыю расейцам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, беларусаў таксама будуць пільнаваць, але забароны для іх няма.

Украіна на час ваеннага становішча ў памежных з Расеяю абласьцях забараніла ўезд на сваю тэрыторыю расейцам ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў, за выключэньнем гуманітарных мэтаў наведваньня краіны, у прыватнасьці, у сувязі са сьмерцю ці хваробаю сваякоў.

Да ўвядзеньня ваеннага становішча гэтая катэгорыя грамадзян Расеі праходзіла больш пільны памежны кантроль.

Апроч таго, паводле распараджэньня прэзыдэнта Ўкраіны Пятра Парашэнкі, цягам дня міграцыйныя і памежныя службы маюць узмацніць патрабаваньні часовай рэгістрацыі грамадзян Расеі ў абласьцях з ваенным становішчам.

Пятро Парашэнка перакананы, што такія абмежаваньні перашкодзяць «Расейскай Фэдэрацыі фармаваць тут атрады прыватных армій, якія на самай справе ёсьць прадстаўнікамі ўзброеных сіл Расеі».

Украінскія памежнікі пераконваюць, што такія падыходы ня будуць распаўсюджвацца на грамадзян Беларусі:

«Калі ў грамадзян Беларусі ёсьць усе падставы для ўезду — належныя дакумэнты, вызначаная мэта паездкі, абмежаваньні іх не закрануць».

У той жа час у Паўночным рэгіянальным упраўленьні памежнай службы паведамілі, што за мінулыя суткі васьмі грамадзянам Беларусі адмовілі ва ўезьдзе на тэрыторыю Чарнігаўскай вобласьці: «Беларусам было адмоўлена з той прычыны, што яны не змаглі пацьвердзіць мэту сваёй паездкі».

Што трэба ведаць пра канфлікт Украіны і Расеі ў Азоўскім моры

Расея 25 лістапада заблякавала выхад украінскіх караблёў, якія плылі да Марыюпалю праз Керчанскі праліў, каб трапіць у Азоўскае мора. Тры ўкраінскія караблі і больш за 20 украінскіх маракоў захопленыя расейскімі вайскоўцамі.

  • Раніцай 25 лістапада расейскі сухагруз перагарадзіў Керчанскую пратоку перад трыма ўкраінскімі суднамі, якія ажыцьцяўлялі плянавы пераход з порту Адэсы ў порт Марыюпаль Азоўскага мора. Пазьней расейскі пагранічны карабель пратараніў буксір Вайскова-марскіх сіл Узброеных сіл Украіны.
  • Расейскія вайсковыя караблі з дапамогай авіяцыі і спэцназу атакавалі і захапілі пашкоджаны ўкраінскі буксір і два малыя браняваныя артылерыйскія катэры. Шэсьць украінскіх маракоў былі параненыя, двое зь іх у цяжкім стане.
  • Паводле Расеі, украінскія караблі спрабавалі прайсьці празь Керчанскую пратоку незаконна. Украіна адкідае гэтае абвінавачваньне, спасылаючыся на міжнародныя і міжурадавыя пагадненьні.
  • Ці праўда, што ўкраінскія караблі парушылі расейскую мяжу ў Азоўскім моры?
  • Ва Ўкраіне абʼявілі ваеннае становішча з 28 лістапада да 27 сьнежня. Узброеныя сілы Ўкраіны прыведзеныя ў поўную баявую гатоўнасьць.
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
    Дзе ва Ўкраіне ўвялі ваеннае становішча
  • Канфлікт у Азоўскім моры паміж Украінай і РФ узьнік пасьля ўвядзеньня ў эксплюатацыю моста ў анэксаваны Крым. Украіна заяўляе, што Расея на падставе праверак затрымлівае дзясяткі суднаў, якія ідуць ва ўкраінскія азоўскія парты. Паводле Масквы, праверкі ўкраінскіх суднаў законныя.
  • Рада Бясьпекі ААН склікала 26 лістапада экстранае паседжаньне ў сувязі з рэзкім абвастрэньнем сытуацыі ў Керчанскім праліве, шэраг эўрапейскіх краінаў асудзілі дзеяньні Расеі ў Азоўскім моры.
  • Суд Сімферопаля на два месяцы арыштаваў 24 украінскіх маракоў, захопленых расейскімі сілавікамі. Украінская пракуратура прызнала іх ваеннапалоннымі.
  • Украіна на час дзеяньня ваеннага становiшча забараніла ўезд у краіну мужчынам –​ грамадзянам Расеі ва ўзросьце ад 16 да 60 гадоў.
  • У верасьні 2019 году адбыўся абмен палоннымі паміж Расеяй і Ўкраінай, падчас якога захопленыя маракі вярнуліся ва Ўкраіну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG