Чаму на «сьмярдзючым» заводзе ў Сьветлагорску спынілі выпуск цэлюлёзы?

Сьветлагорскі завод па вытворчасьці сульфатнай беленай цэлюлёзы, пабудаваны кітайцамі на базе цэлюлёзна-кардоннага камбінату, спыніў вытворчы працэс.

Гэтую інфармацыю карэспандэнту Свабоды пацьвердзілі ў канцэрне «Белляспаперпрам».

«Вытворчы працэс цяпер не вядзецца. Выпуск цэлюлёзы цяпер не ажыцьцяўляецца», — сказала карэспандэнту Свабоды прэс-сакратар «Белляспаперпраму» Ружэна Навіцкая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праект кітайскага заводу ў Сьветлагорску пройдзе новую экалягічную экспэртызу

Генпадрадчыкам новай вытворчасьці выступае кітайская інжынірынгавая карпарацыя САМСЕ. Плянаваная магутнасьць вытворчасьці мае скласьці 400 тысяч тон цэлюлёзы ў год. Крэдыт на будоўлю даў кітайскі бок — 800 млн даляраў.

У сьнежні 2017 году САМСЕ паведаміла пра ўвод у эксплюатацыю новага прадпрыемства, завод запрацаваў у тэставым рэжыме. Аднак мясцовыя жыхары пачалі скардзіцца на смурод ад новага заводу. У лютым 2018 году актывісты паведамілі, што пах зьнік, бо завод перастаў працаваць: у канцы студзеня кітайскія падрадчыкі «выехалі на вакацыі» з нагоды кітайскага Новага году і не вярталіся некалькі месяцаў. Беларускі бок вёў перамовы з САМСЕ, каб працягнуць працу.

У лістападзе 2018 году насуперак пратэстам мясцовых жыхароў ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» падпісала два мэмарандумы аб арганізацыі пастаўкі да канца 2019 году ў адрас дзьвюх кітайскіх кампаній 24 тысяч тон сульфатнай беленай цэлюлёзы.

У красавіку гэтага году кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка раскрытыкаваў ажыцьцяўленьне гэтага інвэстпраекту.

«Завод у Сьветлагорску толькі пачаў працу, праз толькі тры месяцы быў спынены. Ва ўрадзе дагэтуль разьбіраюцца, хто перад прэзыдэнтам адкажа за гэта. Я ведаю, хто адказвае — урад адкажа», — сказаў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Добрушы адну кітайскую кампанію мяняюць на другую, каб дабудаваць кардонны завод

Завод зноў нарабіў смуроду

Мясцовыя актывісты паведамілі Свабодзе, што сытуацыя з заводам пачала пагаршацца яшчэ ў кастрычніку. Паводле іх інфармацыі, каля двух тыдняў таму прадпрыемства пачалі ахоўваць прадстаўнікі дэпартамэнту аховы, а ахоўнікаў, нанятых кітайскім бокам, нібыта пачалі звальняць.

«Кітайцы павінны былі прапрацаваць 72 гадзіны бесьперапынна і вывесьці вытворчасьць на 75–80% магутнасьці. Яны гэтыя трое сутак прапрацавалі, і смурод быў, канечне, у горадзе канкрэтны.

Кітайцы сказалі: мы ўсё зрабілі, а вы павінны заплаціць. Беларускі бок нібыта адмовіўся плаціць, бо вельмі шмат недапрацовак, паломак, шкодных выкідаў. Маўляў, вы павінны гэта ліквідаваць, і потым атрымаеце грошы. Кітайцы яшчэ два дні пасьля гэтага прапрацавалі па сваёй добрай волі і пасьля прыпынілі вытворчасьць, спынілі фактычна завод.

Забралі платы памяці, якія фактычна кіруюць гэтым тэхналягічным працэсам, і зьвезьлі. І пасьля гэтага зьявілася гэтая ўзброеная ахова», — сказала Свабодзе праваабаронца, сябра ініцыятыўнай групы па сытуацыі з кітайскім заводам Алена Масьлюкова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьветлагорску за флэшмоб супраць кітайскага заводу аштрафавалі праваабаронцу і актывіста

На заводзе адмовіліся ад камэнтароў

На Сьветлагорскім цэлюлёзна-кардонным камбінаце камэнтаваць сытуацыю адмовіліся.

«Мы не даём інфармацыі праз тэлефон», — сказаў карэспандэнту Свабоды галоўны інжынэр Аляксандар Камандзірчык.

«На заводзе працягваецца даналадка»

Прэс-сакратар «Белляспаперпраму» Ружэна Навіцкая сказала карэспандэнту Свабоды, што спыненьне выпуску цэлюлёзы зьвязана «з тэхнічнымі пытаньнямі даналадкі, данастройкі».

Сьветлагорскі завод беленай цэлюлёзы, архіўнае фота

«Кітайскія спэцыялісты працягваюць гэтую даналадку», — сказалі ў прэс-службе канцэрна.

«У адпаведнасьці з кантрактам паміж заказчыкам і генпадрадчыкам поўны разьлік за выкананыя працы ў любым выпадку будзе ажыцьцяўляцца пасьля падпісаньня акту пра ўвод аб’екта ў эксплюатацыю. А гэтага пакуль яшчэ не адбылося, — сказала Ружэна Навіцкая. — Загрузка прадпрыемства на 75% ад магутнасьці дазволіла зрабіць маніторынг, аналіз, каб недзе ўлічыць дапрацоўкі, адрэгуляваць розныя парамэтры. Як толькі гэтая праца будзе выкананая, тады завод будзе запускацца далей. З улікам ужо тэхнічных паправак, якія былі выяўленыя пры выхадзе заводу на 75% магутнасьці».

Тое, што кітайцы нібыта зьвезьлі платы, у канцэрне назвалі чуткамі і ня сталі гэта камэнтаваць.

Маўляў, кіраўніцтва заводу можа прыцягваць да аховы свайго аб’екта тую ахову, якую лічыць патрэбнай.

«Тое што яна памянялася, не азначае, што там нейкія падзеі. У зьмене аховы няма нічога асаблівага. Магчыма, нешта памянялася ў складзе, нейкія былі перастаноўкі. Але гэта рашэньне кіраўніцтва заводу. Гэта іх унутраныя пытаньні, каму яны давяраюць ахоўваць свой абʼект».

Што важна ведаць пра завод беленай цэлюлёзы пад Сьветлагорскам

  • У 2012 годзе ў Сьветлагорску сабралі больш за 10 тысячаў подпісаў супраць новага будаўніцтва, але праект быў распачаты.
  • Смурод у Якімавай Слабадзе і Сьветлагорску пачалі адчуваць у лістападзе 2017 году пасьля першых пусканаладачных работ.
  • Кіраўніцтва заводу сьцьвярджала, што выкіды не аказваюць нэгатыўнага ўплыву на здароўе, аднак пасьля дзясяткаў скаргаў ва ўсе структуры ўлады ад мясцовых жыхароў, прызнала, што «газы з кепскім пахам» — мэтыльмэркаптаны. Пусканаладачныя работы былі прыпыненыя.
  • 25 сьнежня 2017 году жыхары вёскі Якімава Слабада выйшлі на пратэст, патрабуючы вырашыць праблему са «сьмярдзючым заводам».
  • 7 ліпеня 2018 году ААТ «Сьветлагорскі цэлюлёзна-кардонны камбінат» пачаў пусканаладачныя працы на вытворчасьці беленай цэлюлёзы. У тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі дачныя ўчасткі і сельскагаспадарчыя надзелы.
  • 15 верасьня мясцовыя жыхары зноўку выйшлі на пратэст у Сьветлагорску супраць выкідаў з кітайскага заводу.
  • Вытворчасьць беленай цэлюлёзы нясе выкіды мэтыльмэркаптану, які ў вялікіх дозах можа выклікаць сьмерць.
  • За 20 мэтраў ад заводу знаходзяцца парнікі Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі, якая не ўключана ў санітарна-абарончую зону.
  • За 350 мэтраў — вёска Якімава Слабада, яе ў ахоўную зону ўключылі.
  • Меркавалася, што новы завод забясьпечыць патрэбы ўнутранага рынку і будзе вырабляць беленую цэлюлёзу на экспарт. Першапачаткова праект ацэньваўся на 700 мільёнаў даляраў. Амаль усе грошы атрыманыя з кітайскага крэдыту. Будаўнікі таксама кітайцы — кампанія САМСE.

Канцэрн «Белляспаперпрам​» запэўнівае, што запуск вытворчасьці беленай цэлюлёзы «знаходзіцца пад кантролем». Пры гэтым у канцэрне адзначаюць, што ў тэрыторыю санітарна-абарончай зоны не патрапілі:

  • тэрыторыі садаводчых таварыстваў і дачных каапэратываў;
  • парнікі і адкрытыя надзелы Сьветлагорскай агароднінай фабрыкі;
  • сядзібная жылая забудова вёскі Якімава Слабада.

«Зноў гэты смурод! Нас ратуе толькі моцны вецер». Пад Сьветлагорскам запускаюць кітайскі завод

У ліпені кіраўніцтва ЦКК абяцала, што будзе праводзіцца рэгулярны маніторынг экалягічнай сытуацыі ў раёне. Цяпер амаль штодзень на сайце Сьветлагорскага ЦКК разьмяшчаецца адпаведная інфармацыя, паводле якой выкіды не перавышаюць усталяваныя экалягічным заканадаўствам нормы (гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Тут горача. Як беларусы пратэстуюць супраць забудоваў