У Сырыі загінулі шасьцёра расейскіх наймітаў з «ПВК Вагнэра», — СМІ

Ілюстрацыйнае фота

Улады і Міністэрства замежных справаў Расеі пакуль не камэнтавалі паведамленьні аб сьмерці расейскіх наймітаў у Сырыі.

Расейская «Новая газета» і міжнародная праваабарончая арганізацыя «Сырыйская абсэрваторыя правоў чалавека» незалежна паведамілі аб выбуху 4 лістапада ў горадзе Дэйр эз-Зор на паоўночным усходзе Сырыі, у якім загінулі 11 чалавек, у ліку якіх 6 расейскіх наймітаў.

Выбух адбыўся, паводле паведамленьняў, у былым будынку сырыйскай крымінальнай паліцыі, дзе разьмяшчалася адно з падразьдзяленьняў Сырыйскай урадавай арміі. Гэтае падразьдзяленьне ўкамплектаванае сырыйскімі дабраахвотнікамі і расейскімі так званымі «вайсковымі дарадцамі».

За некалькі дзён да таго ў ананімным Telegram-канале Directorate 4 паведамлялася пра 7 загінулых з Расеі і некалькіх з Сырыі, якія нібыта падарваліся на міне, едучы па трасе.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША: Расея не давяла сваёй «карыснасьці» у Сырыі і ва Ўкраіне

У Дэйр эз-Зоры ад 2012 году цягнуліся баі: спачатку афіцыйныя ўлады ваявалі з умеранай апазыцыяй, затым з тэрарыстамі «Ісламскай дзяржавы». У 2017 годзе паведамлялася аб вызваленьні гораду ад ісламістаў з расейскай падтрымкай.

У лютым 2018-га паведамлялася пра сьмерць дзясяткаў, а то і больш як сотні расейскіх наймітаў у час бою з «Сырыйскімі дэмакратычнымі сіламі». Дырэктар ЦРУ казаў, загінула «пара соцень» расейскіх наймітаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскія наёмнікі з Данбасу едуць у Лібію

Атаку ў лютым і цяперашняе здарэньне зьвязваюць з тым, што ў Расеі называюць «прыватнай вайсковай кампаніяй Вагнэра» — групоўкай узброеных наймітаў, якія ваявалі на Данбасе на баку «сэпаратыстаў» і цяпер ваююць у Сырыі на баку ўраду Башара Асада.

Колькасьць наймітаў можа дасягаць чатырох тысячаў, у лік якіх, паводле некаторых, уваходзяць і беларусы. Кампанію, якая дзейнічае пад рознымі назвамі, зьвязваюць зь бізнэсоўцам Яўгенам Прыгожыным, вядомым як «кухар Пуціна».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расейскай «Новой газете» падкінулі адрэзаную галаву барана з пагрозамі