Каля дома Джорджа Сораса знайшлі бомбу

Джордж Сорас, архіўнае фота

Сораса не было дома ў момант інцыдэнту. Ніхто не пацярпеў, сапэры падарвалі бомбу ў лесе.

У паштовай скрыні каля дома амэрыканскага мільярдэра, філянтропа Джорджа Сораса ў Нью-Ёрку выявілі выбухоўку, піша The New York Times са спасылкай на Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў і паліцыю Злучаных Штатаў

Паводле паліцыі, тэлефанаваньне пра падазроны прадмет паступіла ўдзень 22 кастрычніка. Падазроны пакет адкрыў супрацоўнік рэзыдэнцыі, пасьля чаго выклікаў паліцыю.

Сапэры, якія прыбылі на месца, узарвалі прыладу ў лясістай мясцовасьці паблізу. Ніхто не пацярпеў. Сораса не было дома ў момант інцыдэнту.

Далейшым расьсьледаваньнем мае займацца ФБР. Падазраваных пакуль не называюць.

Джордж Сорас вядомы перадусім фондам «Адкрытае грамадзтва», у які ён уклаў сама меней 18 мільярдаў даляраў. Фонд займаецца прасоўваньнем дэмакратычных каштоўнасьцяў і правоў чалавека ва ўсім сьвеце.