Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сорас перадаў большую частку свайго багацьця «Адкрытаму грамадзтву»


Джордж Сорас
Джордж Сорас

Адзін з найбагацейшых людзей сьвету Джордж Сорас перадаў 18 мільярдаў даляраў, большую частку свайго багацьця, заснаванай ім дабрачыннай арганізацыі «Адкрытае грамадзтва», ператварыўшы яе ў адну з найбуйнейшых падобных арганізацыяў у сьвеце.

Паводле газэты The Wall Street Journal, гэта ператварае «Адкрытае грамадзтва» ў другую паводле памеру капіталу дабрачынную структуру ў ЗША пасьля фонду імя Біла і Мэлінды Гейтс, які валодае прыкладна 40 мільярдамі даляраў. «Адкрытае грамадзтва» фінансуе дапамогу ўцекачам, намаганьні ў галіне разьвіцьця грамадзкай аховы здароўя, падтрымлівае праваабарончыя арганізацыі, дапамагае ў правядзеньні эканамічных рэформаў. Фонд працуе ў некалькіх дзясятках краінаў, штогод ахвяруючы каля мільярда даляраў.

Як паведаміў фонд «Адкрытае грамадзтва», ніякіх бліжэйшых плянаў пашырэньня дзейнасьці ў яго няма. Капіталам фонду, як і раней, будзе кіраваць фінансавая фірма самога Джорджа Сораса.

Першае замежнае аддзяленьне фонду Сораса адкрылася ў 1984 годзе ў краіне, дзе нарадзіўся будучы філянтроп, — Вэнгрыі, аднак у апошні час ягоныя адносіны з урадам у Будапэшце рэзка ўскладніліся.

Дабрачынныя фонды Сораса былі таксама створаныя больш чым у 30 краінах.

У Беларусі Джордж Сорас дзейнічаў з 1993 па 1997 гады, калі займаўся падтрымкай праектаў, зьвязаных з адукацыяй, аховай здароўя, культурай, мас-мэдыя, IT-бізнэсам. На 1997 год сума, выдаткаваная Сорасам на розныя праекты ў Беларусі, агулам складала каля 13 мільёнаў даляраў. У 1997 годзе беларускае аддзяленьне фонду Сораса было абвінавачанае ва ўхіленьні ад абавязковага продажу валюты і аштрафаванае на 3 мільёны даляраў. Акрамя таго, на беларускім тэлебачаньні прагучала абвінавачваньне і ў апазыцыйнай палітычнай дзейнасьці. Сорас і выканаўчы дырэктар менскага офісу Пітэр Бэрн былі вымушаныя зьехаць з краіны.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG