Статкевіч заклікаў правесьці «ланцуг памяці» ля КДБ

«Ланцуг памяці» ля будынку КДБ у Менску, 2017 год

Мікола Статкевіч заклікаў зладзіць «ланцуг памяці» пад будынкам КДБ у Менску а 19-й гадзіне 29 кастрычніка.

Палітык заклікаў браць удзельнікаў акцыі толькі сьвечкі і зьнічкі, выкарыстоўваць сьцягі ці плякаты на акцыі не плянуецца.

Статкевіч сказаў Свабодзе, што лічыць бессэнсоўным прасіць у Менгарвыканкаме дазвол на правядзеньне акцыі.

«Пакуль ёсьць тыя, хто лічыць сябе юрыдычнымі і афіцыйнымі спадкаемцамі катаў і ганарыцца імі, нават форму некаторыя носяць, нам трэба хадзіць ня толькі да магілаў», — сказаў Статкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Міністар Шуневіч зноў у форме НКВД. ФОТА

Акцыю «ланцуг памяці» Статкевіч ладзіць з 2015 году. Летась адразу пасьля заканчэньня акцыі супрацоўнікі камунальнай службы прыбралі зьнічы з прыступак КДБ. Некаторых удзельнікаў акцыі аштрафавалі.

Дзе яшчэ ўшануюць памяць рэпрэсаваных?

28 кастрычніка — «Дзяды». Менскія ўлады дазволілі КХП БНФ правесьці шэсьце і мітынг у Курапатах.

29 кастрычніка — «Ноч расстраляных паэтаў». Зьміцер Дашкевіч арганізуе чытаньні твораў рэпрэсаваных літаратараў у Курапатах.

4 лістапада — Шэсьце ў Лошыцкім яры. КХП БНФ правядзе шэсьце да месца расстрэлаў 1937–1941 гадоў.

«Ноч расстраляных паэтаў» у Курапатах, здымак 2017 году

За адну ноч з 29 на 30 кастрычніка 1937 году НКВД беспадстаўна расстраляла больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі: літаратараў, навукоўцаў, дзяржаўных дзеячаў.