«Беларусь бяз гвалту». 6 прапаноў ад людзей, як змагацца за закон, адхілены Лукашэнкам

Сустрэча ўдзельнікаў суполкі "Маршыруй, дзетка" у Менску

У галерэі «Ў» у Менску ўдзельнікі суполкі ў «Фэйсбуку» «Маршыруй, дзетка!» абмеркавалі, як яны будуць змагацца за закон аб процідзеяньні хатняму гвалту.

5 кастрычніка Аляксандар Лукашэнка заявіў, што можна абысьціся зьменамі ў дзейныя законы, а не прымаць асобны супраць хатняга гвалту.

«Усё гэта дурасьць, узятая перш за ўсё з Захаду», — сказаў ён.

Сустрэча суполкі «Маршыруй, дзетка!»

Падчас сустрэчы ў галерэі «Ў» прагучаў шэраг прапаноў, сярод іх асноўныя:

— дамагацца парлямэнцкіх слуханьняў у Палаце прадстаўнікоў;

— правесьці санкцыянаваны марш;

— стварыць агульны рух «Беларусь бяз гвалту»;

— стварыць пэтыцыі, арганізаваць збор подпісаў;

— закідаць адміністрацыі лістамі і зваротамі, паказаць, што не зьмірыліся з рашэньнем прэзыдэнта;

— правесьці грамадзкі трыбунал з удзелам ахвяраў гвалту.

Нядаўна створаная суполка ў «Фэйсбуку» «Маршыруй, дзетка!» ўжо аб’яднала больш за 1700 чалавек.

«Гэта сьведчыць пра тое, што тэма актуальная», — сказала на пачатку сустрэчы адна зь яе арганізатарак, актывістка Сьвятлана Гатальская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Гэта ня наша традыцыя — біць жонак, дзяцей ці бацькоў». Рэакцыі на крытыку Лукашэнкам законапраекту аб хатнім гвалце

«Нам трэба выходзіць у публічную прастору»

Ці ўдалося дасягнуць пастаўленых мэтаў? У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Сьвятлана Гатальская сказала, што ўбачыла багата неабыякавых людзей.

«Было вельмі многа прапаноў пра тое, што рабіць далей. Такія сустрэчы мы будзем праводзіць рэгулярна. Я лічу, вельмі важна, каб былі ўнесены зьмены ў заканадаўства, на гэта накіруем усе намаганьні. У тым ліку будзем прасіць дазвол на правядзеньне маршу, нам трэба выходзіць у публічную прастору, каб паказаць усю глыбіню гэтай праблематыкі ў Беларусі. Нам трэба аб’ядноўваць нашы намаганьні», — сказала Гатальская.

Па ўсіх прапановах, якія прагучалі падчас сустрэчы, вырашана стварыць працоўныя групы. Тут жа ў залі прайшоў запіс валянтэраў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Адна з аўтараў канцэпцыі закону аб хатнім гвалце адказвае Рымашэўскаму

«Чорная пятніца —​ гэта пункт невяртаньня»

Кіраўніца прытулку для ахвяраў хатняга гвалту «Радзіслава» Вольга Гарбунова сказала карэспандэнту Свабоды, што людзі пачынаюць аб'ядноўвацца і адкрыта заяўляюць аб праблеме хатняга гвалту.

«У мяне ёсьць невялікі скепсіс. Я ўпэўнена, што чорная пятніца —гэта такі пункт невяртаньня, і прыняцьце спэцыялізаванага закону аб процідзеяньні хатняму гвалту адсунутае на доўгія гады. Але гэта не азначае, што мы павінны цяпер скласьці рукі. Радасна бачыць, што яшчэ больш людзей гатовыя нешта рабіць у гэтай сфэры і кажуць пра гэта адкрыта. Ад нас, ад грамадзянаў, вельмі многае залежыць», — мяркуе Вольга Гарбунова.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Прыпяклі лытку прасам, ударыў сына па галаве​, мог біць і цьвярозы». Тры споведзі пра хатні гвалт

«Нам ужо ня трэба даказваць актуальнасьць праблемы хатняга гвалту»

Кіраўніца аб’яднаньня «Гендэрныя пэрспэктывы» і сябра Нацыянальнай рады гендэрнай палітыкі Ірына Альхоўка, якая ў складзе рабочай групы пры МУС працавала над канцэпцыяй закону аб процідзеяньні хатняму гвалту, сказала, што праблема выйшла за межы арганізацый, якія прафэсійна ёй займаюцца.

Ірына Альхоўка падчас сустрэчы

​

«Гэта стала бліжэй звычайным людзям, якім не ўсё роўна. Гэта адзін з сайд-эфэктаў таго, што адбылося ў пятніцу, калі кіраўнік краіны асудзіў канцэпцыю. Нам ужо ня трэба даказваць актуальнасьць праблемы хатняга гвалту. Нам трэба казаць пра эфэктыўныя спосабы вырашэньня», — сказала Ірына Альхоўка.