Патрыярх Кірыл прыедзе ў Беларусь 13 кастрычніка

Патрыярх Кірыл, архіўнае фота

Патрыярх 13 кастрычніка ўзначаліць службу ў Сьвята-духоўным катэдральным саборы ў Менску, 14-га адслужыць чын у Храме Ўсіх Сьвятых.

Афіцыйнага прэс-рэлізу аб візыце на сайце БПЦ на момант публікацыі не было.

Маскоўскі патрыярх Кірыл прыляціць у Беларусь 13 кастрычніка. Паводле раскладу набажэнстваў на сайце Church.by, яго сустрэнуць у Нацыянальным аэрапорце «Менск» а 16-й гадзіне.

У той жа дзень а 18-й гадзіне ў Сьвята-Духавым катэдральным саборы Менску патрыярх Кірыл узначаліць богаслужэньне. 14-га ў 9:00 ён правядзе багаслужбу ўжо ў Прыходзе ў гонар Усіх Сьвятых, што на поўначы Менску. На 15 кастрычніка ў Беларусі плянавалася паседжаньне Сьвятога сыноду Расейскай праваслаўнай царквы — у ім чакаецца і ўдзел патрыярха Кірыла.

Старшыня Сынадальнага інфармацыйнага аддзелу Беларускай праваслаўнай царквы протаярэй Сергій Лепін расказаў Свабодзе, што патрыярх Кірыл мае ўзяць удзел у асьвячэньні храму Ўсіх Сьвятых на вуліцы Каліноўскага — раней асьвячалі драўляны храм і дадатковыя прыдзелы, але не асноўны храм-помнік.

Візыт адбываецца на тле спрэчкі вакол наданьня аўтакефаліі Ўкраінскай праваслаўнай царкве: Канстантынопаль выступае за аўтакефалію ўкраінскай царквы, Масква выступае супраць. Праз спрэчку РПЦ вырашыла больш не маліцца за Канстантынопальскага патрыярха.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Патрыярх Філарэт: Украінскі патрыярхат будзе самай вялікай царквой праваслаўя
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларускі архіяпіскап: Адсутнасьць у Беларусі аўтакефаліі парушае апостальскія каноны