Жыхарка Слаўгараду спыніла галадоўку

Анжаліка Калатазішвілі ў альтанцы каля турмы

Інвалід І групы Анжаліка Калатазішвілі спыніла галадоўку, бо атрымала дазвол ад пракуратуры на спатканьне з арыштаваным мужам, піша БелаПАН.

Жыхарка Слаўгараду Анжаліка Калатазішвілі абвясьціла галадоўку 26 верасьня, патрабуючы спатканьня з мужам, якога 2 месяцы трымаюць тут у сьледчым ізалятары ў Магілеве. Грамадзяніну Грузіі Кахаберу Калатазішвілі, інкрымінуюць «захоўваньне, ужываньне і распаўсюд наркатычных сродкаў».

«Мужа зьняволілі праз маё змаганьне за справядлівасьць»

Анжаліка Калатазішвілі перакананая, што мужа перасьледуюць празь яе ўпартасьць.

З 2014 году яна дамагаецца ад мэдыкаў кампэнсацыі за шкоду здароўю. Па іх віне, лічыць жанчына, яна стала інвалідам.

Яна сьцьвярджае, што з-за памылковага анкалягічнага дыягназу ёй выдалілі жаночыя органы. Кажа, што мае дакумэнты, якія пацьвярджаюць яе рацыю. Мэдыкі ж памылковасьць дыягназу не прызнаюць. Лячэньне ад няслушнага дыягназу «забіла ныркі», — дадае Анжаліка. Яна патрабуе, каб перасадку нырак зрабілі за мяжой, бо не давярае беларускай мэдыцыне. Ёй жа прапануюць чакаць апэрацыі на агульных падставах.

Анжаліка ў шлюбе з Кахаберам Калатазішвілі ад 2014 году. Ён грамадзін Грузіі, мае від на жыхарства ў Беларусі.

«Я мела сустрэчу з амбасадарам Грузіі, які абяцаў дапамогу, але сказаў, што ў чужой краіне мы госьці», — расказала Анжаліка Калатазішвілі.

Паводле яе, прадстаўнік амбасады Грузіі меў наведаць Кахабера Калатазішвілі 27 верасьня.

Пакараньне за наркатычныя злачынствы ў Беларусі. Што важна ведаць

  • У красавіку-траўні 2018 года актывісткі «Маці 328» правялі 15-дзённую галадоўку ў Калінкавічах на Гомельшчыне і ў Пухавіцкім раёне на Меншчыне, а таксама 10-дзённую галадоўку ў Лідзе.
  • Удзельнікі галадоўкі патрабавалі перагляду жорсткіх прысудаў, якія выносіліся ад 2013 году паводле 328 артыкула (ад 5 да 25 гадоў пазбаўленьня волі), а таксама зьменаў у заканадаўства.
  • «Маці 328» лічаць, што ў некаторых выпадках тэрміны зьняволеньня несувымерныя злачынству, а закон недастаткова ўлічвае асобы злачынцаў, іх узрост ды іншыя акалічнасьці.
  • 13 чэрвеня 2019 года Палата Прадстаўнікоў у другім чытаньні прыняла папраўкі ў артыкул 328. Мінімальны тэрмін пазбаўленьня волі за незаконнае абарачэньне наркотыкаў зьменшылі на 2 гады. У ліпені Лукашэнка падпісаў закон аб зьмене КК.