Крэмль заяўляе, што Анатоля Чапігі няма ў сьпісах Герояў Расеі

Дзьмітрый Пяскоў

Прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што ў Крамля няма інфармацыі аб узнагароджаньні зоркай «Героя Расеі» Анатоля Чапігі, якога сьледчыя журналісты называюць адным з абвінавачаных Брытаніяй у «справе Скрыпалёў».

«Так, праверылі. У мяне няма інфармацыі аб тым, што чалавек з такім імем узнагароджваўся», — сказаў Пяскоў журналістам.

Раней Пяскоў абяцаў праверыць новыя дэталі расьсьледаваньня Bellingcat і The Insider, якія сьцьвярджаюць, што Руслан Башыраў — палкоўнік Анатоль Чапіга. Паводле зьвестак журналістаў, ён удзельнічаў у Чачэнскай вайне, некалькіх замежных апэрацыях і мае званьне «Героя Расеі».

Пяскоў таксама заявіў, што Крэмль больш ня мае намеру абмяркоўваць з журналістамі дэталі расьсьледаваньня, паколькі гэта не яго абавязак.

Былы камандзір батальёна ў Далёкаўсходнім вышэйшым агульнавайсковым камандным вучылішчы (журналісты сьцьвярджаюць, што менавіта там вучыўся Чапіга) Аляксандр Баржко заявіў у камэнтары «РИА Новости», што магчымае дачыненьне яго былога падапечнага да атручэньня «папахвае шызафрэніяй».

Паводле інфармацыі карэспандэнта «Коммерсанта», які пабываў у вёсцы, дзе жыла сям’я Чапігі, мясцовыя жыхары апазналі на фотаздымках брытанскай паліцыі Башырава.

Напярэдадні афіцыйны прадстаўнік Міністэрства замежных спраў Расеі Марыя Захарава назвала расьсьледаваньне The Insider і Bellingcat «укідам».

Група дасьледчыкаў заявіла, што Руслан Башыраў, якога Вялікабрытанія афіцыйна абвінаваціла ў атручэньні Скрыпалёў», — палкоўнік ГРУ Анатоль Чапіга. Паводле іх інфармацыі, Анатоль Уладзіміравіч Чапіга нарадзіўся 5 красавіка 1979 году ў вёсцы Мікалаеўка на кітайска-расейскай мяжы.