Naviband засьпявалі па-ўкраінску. ВІДЭА

Naviband на «Эўравізіі», архіўнае фота

Беларускі гурт Naviband выдаў кліп на ўкраінскамоўную песьню «Сумне море» напярэдадні туру па Ўкраіне, заплянаванага на кастрычнік і лістапад.

Словы песьні напісалі лідэры гурту Ксенія Жук і Арцём Лук’яненка, музыку – Ксенія. Кліп зьняў рэжысэр Антон Маманенка. У камэнтарах песьню хваляць і беларусы, і ўкраінцы.

Naviband звычайна сьпявае на беларускай і расейскай мовах, чацьвёрты і апошні на момант публікацыі альбом «Адной дарогай» — цалкам па-беларуску.

Ксенія Жук і Арцём Лук'яненка прадстаўлялі Беларусь на «Эўравізіі» ў Кіеве ў 2017 годзе — і сталі першымі, хто засьпяваў на гэтым конкурсе на беларускай мове.

Але Naviband — не адзіныя беларусы, якія сьпяваюць па-ўкраінску. Так, у канцы жніўня магілёўскі сьпявак Янка Маўзэр прадставіў песьню праекту МАМА адначасова на дзьвюх мовах: «Там лета» па-беларуску і «Там літо» па-ўкраінску. На ўкраінскай мове сьпяваюць і Brutto. Часам беларусы запісваюць супольныя з украінцамі песьні на дзьвюх мовах, як то «Суседзі» гурту «Крамбамбуля» і Кузьмы Скрабіна або «Беларусь-Україна» берасьцейскага гурту Sciana і херсонскага «Ролікс».