«Мы ўсё аддавалі камандаваньню», — абвінавачаны ў справе аб сьмерці Коржыча

Яўген Бараноўскі падчас суду

На лаве падсудных па справе аб сьмерці салдата Аляксандра Коржыча тры сяржанты — Антон Вяжэвіч, Яўген Бараноўскі і Ягор Скуратовіч. Яны пачалі гаварыць празь месяц пасьля пачатку суду.

Суд па справе Коржыча. Коратка

Абвінавачанымі ў «справе Коржыча» прызнаныя трое сяржантаў зь ягонай роты, якія, паводле сьледзтва, давялі салдата да самагубства. Антона Вяжэвіча і Ягора Скуратовіча вінавацяць ва злоўжываньні ўладай, атрыманьні хабару і перавышэньні службовых паўнамоцтваў. Яўгена Бараноўскага ў дадатак да гэтага ў крадзяжы.

Маці Аляксандра Коржыча Сьвятлана лічыць, што яе сын стаў ахвяраю забойства. Прычынай злачынства, перакананая яна, стала нежаданьне сына плаціць сяржантам грошы за знаходжаньне ў мэдычнай роце. Саслужыўцы загінулага салдата, апытаныя пракурорам і суддзёй, таксама ня вераць у самагубства.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Абвінавачаныя сваю віну прызнаюць часткова, адмаўляючы тое, што іхныя дзеяньні сталі прычынай самагубства салдата.

«Гэта быў ня хабар»

У першы дзень працэсу Бараноўскі, Скуратовіч і Вяжэвіч адмовіліся даваць паказаньні. У выніку суд пачаўся з апытаньня пацярпелых і сьведак. Абвінавачаныя сяржанты пагадзіліся гаварыць толькі 10 верасьня. Першым пачаў Яўген Бараноўскі.

«Я быў прызваны 17 траўня 2016 году, — пачаў гаварыць Бараноўскі. — У 24 траўня 2017-га стаў камандзірам аддзяленьня, атрымаў званьне сяржанта. Фактычна выконваў свае абавязкі зь ліпеня па кастрычнік. У маё аддзяленьне ўваходзілі 11 чалавек. 3-я вучэбна-танкавая рота 3-й школы. Я не праходзіў якіх-небудзь курсаў падрыхтоўкі малодшых камандзіраў. Лічу, што ня быў падрыхтаваны да гэтага».

На допыце Бараноўскі прызнаўся, што на момант выкананьня сваіх абавязкаў ведаў іх ня ў поўным аб’ёме. Адказваючы на пытаньні пракурора, сяржант сказаў, што цяпер ня можа ў поўным аб’ёме адказваць на пытаньні пра свае былыя абавязкі і правілы, прынятыя ў ягонай былой тцы, бо іх папросту ня памятае.

«На момант службы я ведаў свае абавязкі, цяпер не, ня памятаю іх цалкам — сказаў Бараноўскі. — Свае абавязкі выконваў ня ў поўным аб’ёме. У нас праводзіліся заняткі аб супрацьдзеяньні карупцыі, але я быў на іх разы два, нічога ня ведаў пра тое, што нельга прымаць рэчы ад падначаленых».

Бараноўскі таксама расказаў, што, паводле правілаў часткі, мабільныя тэлефоны салдаты маглі атрымліваць у вольны час у выходныя дні, а таксама ў выпадку крайняй неабходнасьці. Усё гэта датычылася толькі тэлефонаў бяз камэры, дыктафона і доступу ў інтэрнэт. Смартфоны лічыліся пазастатутнымі прыладамі і былі забароненыя для выкарыстаньня на тэрыторыі вайсковай часткі зусім.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Самагубства ці забойства? Белыя плямы ў справе Коржыча

«Я павінен быў забіраць тэлефон у салдата, калі бачыў, што ён карыстаецца ім у недазволены час, паведаміць пра гэта камандзіру роты, — расказаў Бараноўскі. — Я ня меў права выдаваць тэлефоны салдатам. Асабіста я ня бачыў, каб салдаты карысталіся тэлефонамі ў недазволены час. Тое, што я браў грошы за дазвол карыстацца мабільнікамі бесьперашкодна, гэта ня быў хабар, я так лічу. Гэта было злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі».

Салдаты самі падыходзілі да мяне з прапановамі заплаціць за мабільнікі і самі ж называлі расцэнкі

Бараноўскі паведаміў суду, што салдаты самі падыходзілі да яго з прапановамі заплаціць за мабільнікі і самі ж называлі расцэнкі (20 рублёў за карыстаньне тэлефонам без інтэрнэту і 40 за смартфон. — РС). Сяржант сьцьвярджае, што некалькі разоў адмаўляўся, аднак салдаты праявілі настойлівасьць і ў выніку ён ўзяў ад іх грошы.

«З фактам я згодны, я з артыкулам КК ня згодны, — сказаў Бараноўскі. — Гэта ня быў хабар. Чаму я так думаю, патлумачыць не магу. Але я так лічу».

Таксама абвінавачаны сяржант заявіў, што шэраг згаданых у матэрыялах справы эпізодаў з выкупам мабільных тэлефонаў не адпавядае рэчаіснасьці. У прыватнасьці, выпадак з выкупам тэлефону шарагоўцам Аскеркам (сябра Коржыча па службе. — РС).

«Коржыч падыходзіў да мяне з просьбай выкупіць тэлефон, — сказаў Бараноўскі. — Атрымаў ад яго 40 рублёў. Але гэта быў ня хабар, а злоўжываньне. У сувязі з чым я атрымаў ад Коржыча грошы, патлумачыць не магу. Пры мне Коржыч мабільным тэлефонам не карыстаўся ніколі».

Партрэт Аляксандра Коржыча ў кватэры ягонай маці

«Коржыч набываў мне прадукты сам»

Адказваючы на пытаньні пракурора Шарстнёва, Бараноўскі таксама паведаміў, што меў з Коржычам таварыскія стасункі.

«Я ніколі не патрабаваў ад Коржыча нешта мне купіць, у нас за той час склаліся таварыскія адносіны, — заявіў Бараноўскі. — Нешта ён набываў часам, нешта я. Цяпер ужо ня памятаю, што канкрэтна. На сьледзтве я прыблізна назваў, што ён набываў. Пакупкі былі, але я не патрабаваў. Свае дзеяньні апісаць не магу. Коржыч частаваў мяне, часам я частаваў яго».

Прыкладна такім жа чынам Бараноўскі апісаў і іншыя выпадкі атрыманьня прадуктаў ад салдатаў у якасьці ўзнагароджаньня за дазвол схадзіць у краму. «Патрабаваць я не патрабаваў, але прасіў», — сказаў Бараноўскі. Абвінавачаны прызнаўся, што ня памятае памеру грашовых сумаў, на якія салдаты набывалі яму прадукты, і ня можа прыгадаць прыкладных цэнаў на прадукты ў вайсковай краме. Таксама Бараноўскі заявіў, што ня можа патлумачыць суду такія свае дзеяньні.

Ад мяне кіраўніцтва роты патрабавала набываць прадукты, я сам ня мог, не заўсёды меў грошы, прасіў салдатаў набываць

«Я сёньня не магу вам гэтага растлумачыць (факту набыцьця яму шаўрмы салдатамі. — РС), шмат часу прайшло, — сказаў Бараноўскі. — Каву, вафлі, цыгарэты я памятаю, наконт іншага нічога патлумачыць не магу. Колькасьці ня памятаю. Ад мяне кіраўніцтва роты патрабавала набываць прадукты, я сам ня мог, не заўсёды меў грошы, прасіў салдатаў набываць. Прадукты перадаваў камандаваньню роты. Каму і пры якіх абставінах, я ня памятаю. Гэта было на самой справе, але я не разумею, як патлумачыць».

«У мяне не вытрымлівалі нэрвы»

Адказваючы на пытаньні пракурора, Яўген Бараноўскі таксама патлумачыў, навошта прымушаў падначаленых шарагоўцаў адціскацца ад падлогі і рабіць іншыя дзеяньні.

«Перад тым, як загадаць адціскацца, я прасіў, каб салдаты добра сябе паводзілі, — расказаў Бараноўскі. — І гаварыў ня раз. Пра кожны эпізод я ня памятаю. Уначы я іх падымаў толькі два разы ў адгазьніках. Каўнерыкі часам адрываў. Не маглі прышыць да адбою. Адцісканьні былі — ня больш за 20 разоў. Дакладна ня памятаю, колькі. Адціскаліся яны за парушэньні, але за якія, я ня памятаю дакладна. Нехта некага штурхнуў... Ня ведаю, чаму пацярпелыя ў сваіх паказаньнях казалі пра адцісканьні за спазьненьні ў строй на пастраеньнях, такога не было».

Паводле Бараноўскага, для пакараньня салдатаў у выглядзе адцісканьняў павінна была быць «важная прычына». Неабходнасьць пакараньня ўсіх шарагоўцаў агулам за правіннасьці некалькіх чалавек Бараноўскі патлумачыў «калектыўнай адказнасьцю».

«Аднойчы прыйшоў правяральнік пасьля адбою, пачаў правяраць, а салдаты размаўлялі, — расказаў Бараноўскі. — Я іх папярэджваў, а яны ўсё адно размаўлялі. У мяне нэрвы не вытрымалі, прымусіў адціскацца. За заўвагу дзяжурнага можна на гаўптвахту паехаць, я тлумачыў гэта салдатам. А да іх усё адно не даходзіць. Пачаў тлумачыць ім, яны спрачаліся. Нэрвы ня вытрымалі ў мяне. Адціскаліся, пакуль аднаму з салдатаў ня стала дрэнна. Адціскаліся нядоўга, 2-3 хвіліны».

Адціскаліся, пакуль аднаму з салдатаў ня стала дрэнна

Паводле Бараноўскага, начныя адцісканьні на шарагоўцаў не падзейнічалі. Сяржант ня змог патлумачыць, чаму. Ён прызнаў, што аднойчы прымусіў салдата Сабатовіча мыць прыбіральню за тое, што ён там пакурыў. Перад гэтым Бараноўскі выпацкаў сьцены прыбіральні крэмам для абутку.

«Я ня ведаю, навошта гэта зрабіў, — заявіў Бараноўскі. — Магчыма, нэрвовы зрыў. Да прызыву ў армію я быў самым спакойным чалавекам. Ніякая асабістай зацікаўленасьці ў пакараньні салдатаў у мяне не было. Гэта было ўзьдзеяньне ў якасьці пакараньня».

Яўген Бараноўскі адмаўляе, што адбіраў у салдат прадукты, якія ім перадавалі родныя. Паводле сяржанта, ён не разумее, чаму салдаты расказвалі такое падчас сьледзтва.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Пра дзедаўшчыну даведаўся ад маці Коржыча». Камандзіра навучальнага цэнтру ў Печах дапыталі ў судзе

«Я не спрачаюся, магчыма, і былі такія прадукты, — сказаў Бараноўскі. — Яны самі прапаноўвалі нам прадукты, самі частавалі нас. Я ніколі не патрабаваў у салдат прадукты. Былі выпадкі, калі яны самі пакідалі іх мне ў рэчавым мяшку. Я ня ведаю, чаму салдаты так гавораць цяпер. Ніхто нічога ў іх не забіраў».

«Коржыч сам прапаноўваў грошы»

Як паведаміў Бараноўскі падчас допыту ў судзе, ён размаўляў з Коржычам наконт вызваленьня апошняга ад заняткаў за грошы. Абвінавачаны сяржант кажа, што загінулы салдат сам падышоў да яго з такой просьбай, аднак у выніку Бараноўскі ніякіх грошай ад Коржыча не атрымаў і не вызваляў яго ад працы.

«Неяк да мяне Коржыч падышоў, сказаў, што мае канфлікт зь Вяжэвічам, — расказаў Бараноўскі. — Я параіў, каб ён не зьвяртаў увагі. Ня памятаю ўжо, што там было дакладна. Ці размаўляў зь Вяжэвічам наконт Коржыча? Магчыма, я ўжо ня памятаю. Грошы ў Коржыча я пазычаў. Аднойчы 5 рублёў. Я ня ведаў пра ягонае матэрыяльнае становішча, грошы зьбіраўся вярнуць, калі Коржыч вернецца з мэдроты. За ўвесь час я атрымаў ад Коржыча толькі 5 рублёў. Ці атрымліваў грошы ад яго нехта іншы, я ня ведаю».

Бараноўскі прызнаўся, што пэрыядычна біў падначаленых салдат, але «гэта было за справу». Аднак пры гэтым ніколі не выкарыстоўваў гумовую палку і кайданкі (пра такое ў судзе расказаў шараговец Асіпук. — РС).

«Замахвацца палкай мог, але ня біў, — сказаў Бараноўскі. — Такога не было. Я не магу патлумачыць, чаму Асіпук так гаварыў. Я цяпер не магу сказаць, каго, за што і як я мог ударыць. Ня памятаю. Але гэта было ня проста так».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Газы», «пракачка», «пераварот» — усё пра дзедаўшчыну ў Печах

Ці біў Бараноўскі Коржыча?

Абвінавачаны паведаміў на судзе, што Коржыча ніколі не чапаў, таму што ён заўсёды выконваў загады і слухаўся.

«Магчыма, некалі нешта і было, але я цяпер ня памятаю, — расказаў Бараноўскі. — Коржыч выконваў загады, не было нагоды. Я ня біў Коржыча за тое, што ён паліў цыгарэты ў недазволеным месцы. Магло быць, што я ўдарыў Коржыча берцам па назе. За што, ня памятаю. З усіх эпізодаў з матэрыялаў справы мог быць удар толькі на тактычным полі. Я ня ведаю, чаму так шмат паказаньняў. Нічога патлумачыць на гэты конт не магу. Я лічу, што нашы дзеяньні не маглі пацягнуць за сабой цяжкія наступствы ў выглядзе самагубства Коржыча. Ну так, мы парушалі статут. Але я не магу зразумець, чаму сьледзтва зрабіла такія высновы».

Магло быць, што я ўдарыў Коржыча берцам па назе. За што, ня памятаю

Бараноўскі сказаў, што ня меў сяброўскіх стасункаў з Коржычам, хутчэй таварыскія. Сяржант гаворыць, што не вылучаў нікога з падначаленых.

«Коржыч ня меў ніякіх ільготаў, — сказаў Бараноўскі. — У мяне да ўсіх стаўленьне было аднолькавае, акрамя Асіпука, Сабатовіча і Пышко. Яны парушалі пастаянна парадак. Больш ні да кога. Ведаю, што Коржыч зьвярнуўся па мэдыцынскую дапамогу. Пасьля мэдпункта ён скардзіўся на боль у сэрцы, я вадзіў яго ў мэдпункт зноў, там Коржычу далі валяр’янку, здаецца. Памералі ціск, зрабілі кардыяграму. Так адбывалася некалькі дзён. Дактары прасілі выпіску з мэдыцынскай карты Коржыча. Я пазваніў ягонай маці, пазьней сястры. Сястра даслала выпіску, я аддаў яе камандзіру роты».

Па словах Бараноўскага, размоваў пра сымуляцыю з боку Коржыча не было. Неўзабаве пасьля таго, як Коржыча адвезьлі ў мэдроту, Бараноўскага паставілі ў нарад ахоўваць Коржыча ля яго адзіночнай палаты ў мэдроце. У абавязкі Бараноўскага ўваходзіла сачыць за станам хворага. Абвінавачаны прызнаўся, што, замест ахоўваньня Коржыча, пайшоў на ноч у «самаволку». Апошні раз Бараноўскі бачыў Коржыча раніцай, калі перадаваў ахову хворага іншым вайскоўцам.

«Калі даведаўся пра сьмерць Коржыча, то нават прысеў»

«Пра сьмерць Коржыча даведаўся, калі быў на палігоне, — расказаў Бараноўскі. — Мне сказаў адзін салдат, што павесіўся Коржыч. Я як стаяў, так і прысеў. У казарму прыехаў каля трох гадзін. Там нікога не было. Я ня ведаў тады, дзе і як гэта адбылося. Аб прычынах мне таксама нічога не вядома. З саслужыўцамі мы сьмерць Коржыча не абмяркоўвалі. Са Скуратовічам і Вяжэвічам таксама не абмяркоўвалі».

Паводле Бараноўскага, да Коржыча ён ставіўся гэтаксама, як і да іншых салдатаў. У краму з Коржычам хадзіў, але не патрабаваў у таго набыць нешта яму. Абвінавачаны сяржант сьцьвярджае, што Коржыч добраахвотна аддаў яму свой смартфон.

«Я яму казаў, што можа браць свой тэлефон, калі будзе патрэбен, ён браў, — расказаў Бараноўскі маці Аляксандра Коржыча Сьвятлане. — Калі Коржыч клаўся ў мэдроту, то сказаў, што тэлефон яму не патрэбен. Я ведаў, што плястыкавая картка Коржыча была ў Вірбала, ён мне сам расказаў. Вірбал тады быў у адпачынку. Здаецца, гэта быў вымушаны адпачынак. У мяне не было канфлікту з Коржычам. Была размова, што я буду яго ахоўваць, але ён мне не плаціў. Толькі прапаноўваў. Калі Коржыч ня ўстаў на пастраеньні, я выклікаў „хуткую“. Тады ж Коржыч размаўляў з капітанам Чырко, пра што, я ня ведаю».

Бараноўскі расказаў, што ня мог адмовіцца ад перадачы прадуктаў афіцэрам. У адваротным выпадку да яго былі б прымененыя «крайнія меры».

«Усё тое самае было б (маюцца на ўвазе адцісканьні ад падлогі. — РС), я ня мог адмовіцца ад перадачы прадуктаў афіцэрам, — заявіў Бараноўскі. — Сукавенка, Чыркоў, больш ня памятаю. Вызывалі ў канцылярыю роты і казалі — трэба гэта, гэта і гэта. Грошай купіць не было, мы прасілі салдатаў».

Яўген Бараноўскі паведаміў, што сам зьяўляецца пацярпелым у справе былога камандзіра сваёй роты, старшага лейтэнанта Паўла Сукавенкі, суд над ім можа пачацца да канца верасьня.

«Гэта ўсё будзе для мяне значным урокам, — сказаў Бараноўскі. — Калі б я мог, то цяпер выбраў бы іншы шлях. Я раскайваюся. Аб прычынах сьмерці Коржыча мне нічога не вядома. Я лічу, што мае дзеяньні не маглі паўплываць на тое, што зь ім здарылася».

Справа Аляксандра Коржыча. Што важна ведаць

3 кастрычніка 2017 году 21-гадовага радавога Аляксандра Коржыча знайшлі ў пятлі са зьвязанымі нагамі і надзетай на галаву майкай ў склепе мэдроты вайсковай часткі ў Печах пад Барысавам. Некалькі саслужыўцаў Коржыча на паседжаньні паведамілі, што чулі, быццам майка была абматаная скотчам.

5 кастрычніка ў якасьці першапачатковай вэрсіі сьледзтва назвала суіцыд, але сваякі і сябры Аляксандра Коржыча з гэтай вэрсіяй не пагадзіліся і перадалі ў рэдакцыю Свабоды фатаздымкі ягонага цела са сьлядамі прыжыцьцёвых траўмаў.

Што такое Печы і чаму адтуль шмат кепскіх навінаў?

Справа атрымала вялікі рэзананс у грамадзтве, яна знаходзілася на асабістым кантролі ў Аляксандра Лукашэнкі. Расьсьледаваньне цягнулася каля 9 месяцаў.

Your browser doesn’t support HTML5

Асноўныя факты пра справу Аляксандра Коржыча. Відэа

У выніку сьледзтва прыйшло да высновы, што Аляксандра Коржыча давялі да самагубства таварышы па службе, абвінавачаньні прад’яўленыя больш як 15 асобам. Сьвятлана Коржыч катэгарычна ня згодная з высновамі сьледзтва. На думку жанчыны, яе сына забілі, а прычынай гэтага стала нежаданьне Коржыча плаціць таварышам па службе грошы.

Пацярпелымі ў справе, акрамя сваякоў Аляксандра Коржыча, прызнаныя больш за 50 яго былых саслужыўцаў.

Пяць рэчаў, якія трэба ведаць пра справу Аляксандра Коржыча

Гвалтоўная сьмерць у Печах салдата Аляксандра Коржыча атрымала ў грамадзтве вялікі рэзананс. Былыя салдаты тэрміновай службы пачалі расказваць пра свой досьвед дзедаўшчыны і гвалту ў войску. Стала пашырацца інфармацыя пра іншыя выпадкі сьмерці маладых салдат.

Пасьля здарэньня ў вайсковай частцы ў Печах апыталі 18 тысяч дэмабілізаваных вайскоўцаў на прадмет нестатутных дачыненьняў падчас службы ў войску.

У першым паўгодзьдзі ў Беларусі асудзілі 28 асобаў паводле крымінальных спраў аб нестатутных адносінах. Усе судовыя пастановы набылі законную сілу.

Беларускае войска імя Аляксандра Коржыча. Храналёгія падзей