Чыноўнікаў Стаўрапольля абавязалі паведамляць аб зьяўленьні ў рэгіёне літоўцаў

Літоўцы падчас сьвяткаваньня гадавіны аднаўленьня незалежнасьці, 11 сакавіка 2015 году, ілюстрацыйнае фота

Урад Стаўрапольскага краю рэкамэндаваў уладам на месцах апэратыўна паведамляць аб зьяўленьні ў рэгіёне «арганізаваных групаў літоўцаў, якія займаюцца мэмарыяльнай дзейнасьцю». Копію дакумэнту апублікавала мясцовае выданьне Newstracker.

У ім сказана, што МЗС Расеі прыпыніў рэалізацыю літоўскага праекту «Місія Сыбір» «у адказ на сыстэматычнае стварэньне літоўскім бокам перашкод для ажыцьцяўленьня расейскай вайскова-мэмарыяльнай дзейнасьці ў Літве».

«У выпадку зьяўленьня на вашай тэрыторыі арганізаваных групаў літоўцаў, якія займаюцца мэмарыяльнай дзейнасьцю (яны могуць уяжджаць у нашу краіну пад выглядам турыстаў), прашу апэратыўна інфармаваць упраўленьне па рэгіянальнай палітыцы апарату Ураду Стаўрапольскага краю праз куратара тэрыторыі», — пішуць з ураду кіраўнікам муніцыпальных раёнаў і гарадоў.

Якія захады будуць прымяняцца да грамадзян Літвы і як адрозьніць звычайнага турыста ад чалавека, які мяркуе «займацца мэмарыяльнай дзейнасьцю», у дакумэнце не ўдакладняецца.

Улетку 2018 году экспэдыцыя «Місія Сыбір» павінна была адбыцца ў Расеі 17-ы раз, але Масква адмовілася выдаваць візы грамадзянам Літвы. У адказ літоўскія ўлады выказалі шкадаваньне:

«Новыя правілы [мэмарыяльнай дзейнасьці ў Літве] падрабязна рэглямэнтуюць парадак нагляду за магіламі прадстаўнікамі іншых краін. Гэта бясьпечны, празрысты, эфэктыўны і законны парадак у рамках дзеючых у Літве законаў. Аднак амбасада Расеі ў Літве вырашыла распачаць неабгрунтаваныя і непрапарцыйныя захады ў адносінах да ініцыятывы „Місія Сыбір“».

Чытайце таксама на сайце Сибирь.Реалии: «Миссия Сибирь» — невыполнима?