«Молатаў жывы і шукае свайго Рыбэнтропа». Літоўскі міністар пра гадавіну пакту паміж СССР і Нямеччынай

Вячаслаў Молатаў (зьлева) цісне руку Яахіму фон Рыбэнтропу пасьля падпісаньня дамовы. Масква, 23 жніўня 1939 г.

Міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус нагадаў, што 23 жніўня спаўняецца 79 гадоў з дня падпісаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа — пагадненьня аб ненападзе паміж Нямеччынай і Савецкім Саюзам.

Паводле Лінаса Лінкявічуса, гэты дакумент «вызначыў лёс мільёнаў эўрапейцаў».

«Для Літвы, Латвіі і Эстоніі гэта мела вынікам 50 гадоў савецкай акупацыі. Мы вельмі добра ўсьведамляем, што Молатаў сёньня абсалютна жывы і шукае свайго Рыбэнтропа», — заявіў літоўскі службовец.

Пакт Молатава-Рыбэнтропа быў падпісаны ў 1939 годзе ў Маскве міністрам замежных справаў Нямеччыны Яўхімам фон Рыбэнтропам і народным камісарам замежных справаў СССР Вячаславам Молатавым.

Дакумэнт прадугледжваў нэўтралітэт СССР у будучай агрэсіі Трэцяга райху супраць Польшчы і ўсёй Эўропы. У чэрвені 1941 году, амаль праз два гады пасьля пачатку Другой усясьветнай вайны, Нямеччына напала на Савецкі Саюз.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму «вайна пачалася ў Берасьці», калі БССР была далей за Беласток