Гісторык Дзярновіч задаволены, як ідзе кансэрвацыя руін Крэўскага замка. ФОТА

Аднаўленьне паўночна-заходняй сьцяны Крэўскага замка

У Крэве на Смаргоншчыне пачалі асвойваць 900 тысяч рублёў, выдзеленыя прэзыдэнцкім фондам на ўратаваньне аднаго з самых вядомых замкаў Беларусі.

Раней Аляксандар Лукашэнка ўхваліў распараджэньне рады прэзыдэнцкага фонду па падтрымцы культуры і мастацтва, згодна зь якім на рэстаўрацыю Крэўскага замка выдзелена 450 тысяч даляраў. Грошы ўжо паступілі на рахунак «Белрэстаўрацыі», якая вядзе кансэрвацыйныя і аднаўленчыя працы.

За гэтыя грошы плянуецца аднавіць участкі паўночна-заходняй сьцяны і ўзьвесьці над ёй дах.

Старыя камяні вяртаюць у сьцены

На замкавай тэрыторыі працуюць будаўнікі, якія маюць практычны досьвед аднаўленьня Мірскага і Нясьвіскага замкаў. Кандыдат гістарычных навук Алег Дзярновіч, які кіруе раскопкамі на Крэўскім замку, кажа, што будаўнікі працуюць ахайна.

Дасьледчык Крэўскага замка Алег Дзярновіч

«Я бачу, як вядуцца працы — даволі дыхтоўна, — кажа Дзярновіч. — Папярэдне здымаліся аварыйныя камяні, якія ўжо самі валяцца, наносілася антыбіялягічнае рэчыва. То бок ня толькі вырывалася трава і хмыз, якія прарасьлі на сьценах, — адмыслова апрацоўвалася рошчына».

Археолягі знайшлі ўнікальныя артэфакты на гарадзішчы ў Крэве. ФОТА

Дзярновіч кажа, што расьліны — адна з самых вялікіх небясьпек для старажытных муроў: карэньне разбурае ня толькі тынк, але і рошчыну.

«Вельмі важны пункт — аўтэнтычны матэрыял,— кажа гісторык. — Па сутнасьці, сьцены выводзяцца з каменя Крэўскага замка. І гэта выглядае зусім інакш».

Паўночна-заходняя сьцяна мае амаль 100 мэтраў даўжыні і на асобных участках сягае да 10 мэтраў увышкі. Як адзначае Алег Дзярновіч, гэтая частка захавалася лепш: праглядаюцца гнёзды ад бэлек баявой галерэі, са зьнешняга боку трапляецца аўтэнтычная бутавая муроўка.

Аўтэнтычныя камяні вяртаюцца на свае месцы

Гэтыя муры менш пацярпелі ад абстрэлу расейскай артылерыі ў Першую сусьветную вайну — немцы выкарыстоўвалі замак для абароны, фактычна паводле прызначэньня. Тады асноўны ўдар прыняў на сябе супрацьлеглы бок, які па сёньня стаіць у руінах.

Час зьбіраць камяні. Як ідзе кансэрвацыя Крэўскага замка. ФОТА

«Падавалася, што чакаць ратунку ўжо няма адкуль, — кажа Дзярновіч. — Бо абсалютная праўда: парэшткі замка ў аварыйным стане. Нядаўна вадзіў групу рэстаўратараў з Польшчы, Украіны, Літвы, дык падчас шпацыру па дзядзінцы на нашых вачах абрынуліся два камяні. Сытуацыя катастрафічная. На шчасьце, пачаўся рэальны рух».

Перад гэтым некалькі гадоў ішлі праектныя працы, потым гады два — узгадненьні.

«Усё суправаджалася спрэчкамі, бо розныя канцэпцыі. Але ў канцы 2017-га далі грошы на часовую кансэрвацыю Княскай вежы — данжона ўсяго замка, — кажа Дзярновіч. — А сёлета з прэзыдэнцкага фонду — яшчэ 900 тысяч рублёў на паўночна-заходнюю сьцяну».

Княская вежа ўзятая пад дах

Ацалелыя фрагмэнты сьцяны будаўнікі павінны закансэрваваць — гэтаксама, як летась умацавалі і ўзялі пад часовы дах Княскую вежу. Кансэрвацыя дае спадзеў, што некалі замак змогуць рэстаўраваць. Прынамсі ў 2016 годзе ён трапіў у сьпіс амаль з трох дзясяткаў памятак даўніны, клопат пра захаванасьць якіх ускладаецца на дзяржаву — гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437.

З Крэва пайшло мураванае абарончае дойлідзтва ВКЛ

У Крэве ў 1385 годзе здарылася гістарычная падзея — была падпісаная дынастычная унія паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай. Паводле Дзярновіча, Крэўскі замак — самы архаічны ва ўсім Вялікім Княстве.

Старыя камяні інтэгруюцца ў абноўленую сьцяну

«Можа яшчэ Ковенскі, але ён быў разбураны нямецкім ордэнам, там быў узьведзены новы, у ХV—ХVI стагодзьдзях зноў перабудаваны. Таму замак у Крэве я лічу пачаткам радаводу мураванага абарончага дойлідзтва ВКЛ».

Абяцаюць, што далей будзе аўтэнтычна

Зрэшты, цалкам пазьбегнуць элемэнтаў «навадзелу» ўсё ж не ўдалося. На вяршыні Княскай вежы падчас мінулагодняй кансэрвацыі выкарыстоўвалася сучасная цэгла «пад даўніну», якая моцна дысануе з аўтэнтычным матэрыялам. Новая брыгада будаўнікоў абяцае, што сёлета такіх праколаў, якія дапусьцілі папярэднікі, ня будзе.

«Агульны ход працаў будзе залежаць ад фінансаваньня, — падсумоўвае Алег Дзярновіч. — Пакуль сродкі ідуць, і прынамсі складаецца ўражаньне, што дзяржава за Крэўскі замак узялася больш-менш сыстэмна. Зразумела, могуць здарыцца затрымкі, праколы, але на гэты момант усе пляны збольшага выконваюцца. З таго, што я ведаю, асноўная ідэя — закансэрваваць сьцены і пры спрыяльным разьвіцьці падзей у будучым выйсьці на ўзровень рэканструкцыі данжона. Але з улікам досьведу па ранейшых аб’ектах магу сказаць шчыра: тое, што адбываецца ў Крэве, мне пакуль падабаецца».

Як ратавалі Крэўскі замак

Першыя спробы ўратаваць унікальны беларускі замак XIV стагодзьдзя (паводле некаторых зьвестак — нават сярэдзіны ХІІІ) датаваныя пэрыядам, калі заходнебеларускія землі ўвайшлі ў склад міжваеннай Польшчы. У канцы 1920-х рэстаўратары на чале са Станіславам Лорэнцам умацавалі парэшткі сьценаў мэталічнымі сьцяжкамі, паставілі контрафорс, але скончыць задуманае ў поўным аб’ёме не пасьпелі.

Від на замак з боку Княскай вежы

З прыходам у 1939 годзе саветаў пра кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, як згадваюць мясцовыя доўгажыхары, бальшавікі рыхтаваліся разабраць сьцены на «індустрыяльныя патрэбы».

За савецкім часам Княскую вежу ўзялі ў прымітыўныя рыштаваньні і накрылі рубэроідам. Выглядае, што тым толькі нашкодзілі — пад накрыўкай зьбіралася вада, цэгла псавалася і трушчылася. Некалькі гадоў таму сумнеўную канструкцыю дэмантавалі.

«Вы што, хворыя?!» Археоляг адказаў на закіды наконт земляных прац на Новым замку ў Горадні