Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Час зьбіраць камяні. Як ідзе кансэрвацыя Крэўскага замка. ФОТА


У Крэве завяршыўся першы этап кансэрвацыі сярэднявечнага замка, дзе ў 1385 годзе падпісалі дынастычную унію паміж Вялікім Княствам Літоўскім і Каронай Польскай.

Да гэтага значны гістарычны помнік літаральна рассыпаўся. Кансэрвацыя дае спадзеў, што калі-небудзь замак змогуць рэстаўраваць.

Фармальна ў Крэўскім замку завершана «першая чарга кансэрвацыі з рэстаўрацыяй гісторыка-культурнай каштоўнасьці XIV стагодзьдзя». Зрабілі часовую кансэрвацыю Княскай вежы. Паверхню ачысьцілі, правялі хімічную апрацоўку і ўмацавалі адмысловым рэчывам ад дажджу і сьнегу. Тым часам неабароненыя муры замку працягваюць разбурацца.

Тэрмінова ўмацоўваць муры, бо парассыпаюцца

Меркавалася, што ў 2018 годзе прадпрыемства «Белрэстаўрацыя» і ўпраўленьне капітальнага будаўніцтва Смаргонскага райвыканкаму прыступяць да другога этапу — закансэрвуюць паўночную ці заходнюю сьцяну, адновяць асобныя ўчасткі на вышыню 7 мэтраў і накрыюць дахоўкай. Аднак ніякай будаўнічай актыўнасьці цяпер няма.

Княская вежа на пачатку кансэрвацыі
Княская вежа на пачатку кансэрвацыі

«Так, пакуль не назіраецца, але ўжо ў агляднай будучыні, магчыма, і будзе, — сказаў Свабодзе адказны майстар будаўнічай арганізацыі Ўладзімер Вайцяховіч. — Прынамсі ў плянах усё пазначана. Дакумэнтацыя на правядзеньне рэстаўрацыйных працаў цяпер на экспэртызе».

У 2016 годзе Крэўскі замак трапіў у сьпіс амаль трох дзясяткаў памятак даўніны, захаванасьць якіх ускладаецца на Дзяржаўны бюджэт Рэспублікі Беларусь. Гэта прадпісвае пастанова Савету міністраў № 437.

Летась на яго кансэрвацыю з прэзыдэнцкага фонду падтрымкі культуры і мастацтва было выдзелена 50 тысяч даляраў.

Княская вежа на пачатку кансэрвацыі
Княская вежа на пачатку кансэрвацыі

Для параўнаньня: у 2017 годзе ўрад Літвы ўхваліў выдзяленьне 3 мільёнаў эўра на ўмацаваньне схілу іншай памяткі Вялікага Княства Літоўскага — вежы Гедыміна ў Вільні.

У чаканьні грошай на наступны этап кансэрвацыі

«Усё будзе залежаць ад фінансаваньня, — працягвае Ўладзімер Вайцяховіч. — Са свайго боку падрыхтавалі заяўку на выдзяленьне грошай, цяпер яна на подпісе ў прэзыдэнта. Як зьявяцца сродкі, адразу ж пачнём працаваць. Прынамсі ў плянах на 2018 год пазначана заходняя сьцяна. Пры ўдалым раскладзе ад наступнага месяца можна будзе брацца за справу».

Стан Крэўскага замка даўно выклікае трывогу і ў адмыслоўцаў, і ў наведнікаў: горы каменьня пад мурамі ўздымаюцца ўсё вышэй, надзеі на ўратаваньне ўнікальнага помніка ўсё меней. Калі тэрмінова не пачаць умацоўваць сьцены, за бліжэйшыя гады яны папросту парассыпаюцца, кажуць экспэрты.

«Нават што тычыцца Княскай вежы, сам па сабе часовы дах нічога не вырашае, трэба ўмацоўваць сьцены, — кажа Ўладзімер Вайцяховіч. — Накрыўка на вежы ў лепшым выпадку ўратуе ад верхняга намаканьня, у той жа час усе астатнія сьцены „голыя“, трэба накрываць і іх. Мы гатовыя: будуць грошы — пачнём рабіць».

Ваявалі імпэрыі, а пацярпеў беларускі замак

Гісторык паводле адукацыі, колішні старшыня Крэўскага сельсавету Сяргей Капыш засмучаны гаротным станам замку. Ён кажа, што пераломным пунктам у гісторыі разбурэньня замку стала Першая ўсясьветная вайна. Крэва тады апынулася на лініі фронту германскай і расейскай імпэрый.

«Замак пасыпаўся пасьля Першай усясьветнай вайны, — гаворыць ён. — Ёсьць багата нямецкіх здымкаў, як ён выглядаў да абстрэлаў і пасьля. Уявіце: Крэва падзелена на дзьве часткі. З аднаго боку расейскія пазыцыі, зь іншага — нямецкія. Унутры замка атабарыліся германцы, паставілі бліндаж. Ну, расейцы і білі па сьценах, хто тады лічыўся зь гістарычнай каштоўнасьцю? У Другую ўсясьветную замак ніяк не зачапіла, тут не было ні лініі фронту, ні актыўнага супрацьстаяньня. Лягер, гета, перасыльныя — прыйшлі, пайшлі, на гэтым усё. А вось 100 гадоў таму ён пацярпеў. Ямы ўнутры — нішто іншае, як сьляды разрываў снарадаў».

На поўнае аднаўленьне не разьлічваюць

У Міністэрстве культуры Беларусі ня маюць пэўнасьці, што Крэўскі замак можа быць адрэстаўраваны, нават калі знойдуцца грошы. Перадусім спасылаюцца на тое, што няма дакладных зьвестак пра яго першароднае аблічча. Таму пакуль што абмяжоўваюцца кансэрвацыяй муроў і рэканструкцыяй Княскай вежы. Па-першае, яе выявы захаваліся на фатаздымках германскіх салдат, якія стаялі ў Крэве ў Першую ўсясьветную вайну. Па-другое, такія самыя прапорцыі вынікаюць і з матэрыялаў натурных дасьледаваньняў Акадэміі навук.

У любым выпадку, паводле Сяргея Капыша, вяртаньне Крэўскага замка ў паўнавартасны турыстычны абарот ня толькі паспрыяе інтарэсу да гісторыі, але і прынясе практычную карысьць рэгіёну.

«Зразумела: нават тое, што зроблена, ужо лепш, чым руіна, — кажа спадар Капыш. — Але трэба ісьці далей, ствараць умовы. Найперш, пойдуць інвэстыцыі ў раён. Па-другое, працоўныя месцы. Зьявіцца пры замку інфраструктура — гэта ўжо 10 чалавек як мінімум будзе працаўладкавана. А цяпер што? Прыехаў аўтобус, высыпалі пасажыры, сфатаграфаваліся і паехалі далей. Крэва ад турыстаў нічога ня мае. Нават калі ў краму зойдуць, то будзе мець толькі гаспадар. А на ўтрыманьне замку, на добраўпарадкаваньне тэрыторыі нічога не перападае».

Княская вежа пад часовым дахам
Княская вежа пад часовым дахам

Палякі ратавалі, бальшавікі разьбіралі

Апошнія спробы ўратаваць унікальны замак XIV стагодзьдзя (паводле некаторых зьвестак — нават сярэдзіны ХІІІ) датаваныя пэрыядам, калі на пачатку 1920-х заходнія беларускія землі ўвайшлі ў склад Польшчы. Рэстаўратары на чале са Станіславам Лорэнцам умацавалі рэшткі сьцен мэталічнымі сьцяжкамі, усталявалі контрафорс, аднак скончыць задуманае ў поўным аб’ёме не пасьпелі.

З прыходам у 1939 годзе на гэтую тэрыторыю бальшавікоў ні пра якую кансэрвацыю гаворка ўжо не ішла. Наадварот, яго рыхтаваліся разабраць на «індустрыяльныя патрэбы» — на будоўлю аэрадрома ў Смаргоні і дзяржаўныя пабудовы. Уратавала тое, што разабраць не далі рады, нагрузілі толькі зь дзясятак падводаў.

За савецкім часам Княскую вежу ўзялі ў рыштаваньні і накрылі рубэроідам. Але, здаецца, толькі нашкодзілі — пад накрыўкай зьбіралася вада, цэгла хутка рабілася непрыдатнай. Некалькі гадоў таму сумнеўную канструкцыю дэмантавалі.

Прагаліны ў мурах усё большыя
Прагаліны ў мурах усё большыя

Крэўскі замак — першы на тэрыторыі Беларусі, цалкам збудаваны з каменю. За сваю доўгую гісторыю вытрымліваў аблогі мяцежных літоўскіх князёў, татарскага і маскоўскага войскаў. У 1385 годзе тут падпісалі знакамітую Крэўскую унію, якая паўплывала на геапалітычны падзел у Эўропе. У XIX стагодзьдзі замак страціў сваё абарончае значэньне і быў закінуты. Вырашальнай для яго далейшага лёсу стала Першая ўсясьветная вайна: ад расейскіх абстрэлаў і нямецкай перабудовы пацярпеў увесь комплекс абарончых збудаваньняў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG