Колькасьць ахвяраў пажараў у Грэцыі вырасла да 91

Пажары ў Грэцыі, 23 ліпеня пад Атэнамі

Пажары на ўзьбярэжжы на захадзе ад Атэнаў сталі самымі сьмертаноснымі ў Эўропе за больш як стагодзьдзе. Што стала прычынай такіх пажараў, пакуль дакладна невядома.

Лясныя пажары ў Грэцыі забралі жыцьці 91 чалавека па стане на нядзелю, піша Associated Press. Яшчэ 25 чалавек зьніклі бязь зьвестак.

Пераважная большасьць ахвяраў памерла непасрэдна ў агні, хоць шэраг людзей патанула ў моры падчас уцёкаў ад полымя.

Пажары пачаліся яшчэ 23 ліпеня. Хоць барацьбе з агнём замінаюць сьпёка і моцныя парывы ветру, цяпер усе пажары, што пагражалі жылым масівам, згашаныя.

Улады Грэцыі зьвярталіся па міжнародную дапамогу, на якую адгукнуўся шэраг эрапейскіх краінаў. У барацьбе з агнём бралі ўдзел ня толькі грэкі, а і ратавальнікі з Гішпаніі, Італіі, Кіпру і Румыніі. Аляксандар Лукашэнка ад імя беларускага народу выказаў грэкам спачуваньне.

Прэмʼер-міністар Грэцыі Алексіс Цыпрас узяў на сябе адказнасьць за трагедыю, заявіўшы, што ўрад ня здолеў абараніць жыцьці людзей. Урад Грэцыі апублікаваў пералік мераў для вырашэньня даўніх праблемаў, у ліку якіх барацьба зь незаконным жыльлёвым будаўніцтвам. Але афіцыйная прычына пажараў пакуль не называецца.

Наступствы пажару ў Рэдынгу, Каліфорнія, 27 ліпеня

Моцныя пажары трываюць таксама ў амэрыканскай Каліфорніі. Паводле Reuters, там ад агню загінулі ўжо 6 чалавек, у тым ліку два дзіцяці. Зьніклымі лічацца яшчэ сямёра. Больш за 38 тысячаў чалавек эвакуяваныя, зьнішчана больш за 650 дамоў. Пажары таксама адбываюцца ў шэрагу заходніх і паўднёвых штатаў, ад Арэгону да Тэхасу.

Тым часам у Інданэзіі землятрус на курортным востраве Ламбок забіў прынамсі 14 чалавек, піша BBC. Больш за 160 чалавек параненыя. За асноўным штуршком сьледавалі 60 меншых землятрусаў, максымальная магнітуда дасягала 5,7.

Наступствы землятрусу ў Ламбоку, 29 ліпеня