Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Абдымалі адно аднаго ў момант сьмерці. Дзясяткі ахвяраў на пажарах у Грэцыі


Лясныя пажары ў Грэцыі

У найбуйнейшых за апошняе дзесяцігодзьдзе лясных пажарах на паўднёвым усходзе Грэцыі загінулі дзясяткі людзей. Паводле апошніх дадзеных, якія прыводзіць служба ВВС, прыроднае бедзтва забрала жыцьці 74 мясцовых жыхароў і турыстаў, сотні параненыя.

Агонь распаўсюджваецца зь вялікай хуткасьцю — сіла ветру перавышае 100 кілямэтраў за гадзіну.

У ліквідацыі пажару занятыя пажарныя і ратавальнікі, якія на верталётах і лодках эвакуююць людзей з ахопленых пажарамі раёнаў. Паводле інфармацыі Чырвонага Крыжа, у двары адной зь вілаў у прыморскай вёсцы Маці знойдзеныя целы 26 дарослых і дзяцей. Яны загінулі, задыхнуўшыся ў дамах і аўтамабілях. Памерлыя, паведамляюць ратавальнікі, абдымалі адно аднаго ў момант сьмерці. Ацалелыя параўноўваюць пажары з вывяржэньнем вулькану Вэзувій ў горадзе Пампэі дзьве тысячы гадоў таму.

Улады Грэцыі зьвярнуліся па міжнародную дапамогу, на якую адгукнуўся шэраг эрапейскіх краінаў. Аляксандар Лукашэнка ад імя беларускага народу выказаў грэкам спачуваньне.

Выпаленая вёска Маці
Выпаленая вёска Маці

Прэм’ер-міністар Алексіс Цыпрас адмяніў заплянаваны візыт у Босьнію, каб каардынаваць барацьбу са стыхіяй. У рэгіёне Атыка на поўдні Грэцыі, да якога адносяцца і Атэны, абвешчана надзвычайнае становішча, у памяць пра загінулых абвешчана трохдзённая жалоба.
Паводле сыноптыкаў, тэмпэратура паветра ў Грэцыі ў наступныя дні зноў вырасьце, адпаведна, застаецца ўсё менш часу, каб спыніць распаўсюд пажараў.

Прычыны загараньняў дакладна невядомыя, пракуроры Вярхоўнага суду пачалі расьсьледаваньне. У кулюарах гучаць думкі, што пажары выкліканыя падпаламі. Паводле прадстаўніка ўраду Дымітрыса Дзанакопуляса, лясныя пажары пачаліся адначасова ў трох месцах недалёка ад сталіцы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG