ЗША не прызнаюць анэксіі Крыму Расеяй, — кіраўнік Дзярждэпартамэнту Пампэо

Майк Пампэо, архіўнае фота

Кіраўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту падкрэсьліў, што ЗША заклікаюць Маскву спыніць незаконную акупацыю паўвострава.

ЗША адмаўляюцца прызнаць прэтэнзіі Крамля на Крым, які належыць Украіне, заявіў у сераду дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо. Штаты заклікаюць Расею пакласьці канец акупацыі Крыму, падкрэсьліў кіраўнік Дзярждэпартамэнту.

Гэтая заява кіраўніка амэрыканскай дыпляматыі прагучала напярэдадні слуханьняў у сэнацкім камітэце ў міжнародных справах, на якіх Пампэо адкажа на пытаньні заканадаўцаў пра саміт у Хэльсынкі, а таксама пра сустрэчу Трампа і паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына, якая прайшла 12 чэрвеня ў Сынгапуры.

Як адзначаецца ў заяве дзяржсакратара ЗША, захапіўшы Крым у 2014 годзе, Расея «імкнулася падарваць асновы міжнароднага прынцыпу, які падзяляюць дэмакратычня дзяржавы: ніводная краіна ня можа зьмяняць межы іншай, ужываючы сілу».

«Дзяржавы ўсяго сьвету, у тым ліку Расея, пагадзіліся з гэтым прынцыпам, занесеным у Статут ААН, паабяцаўшы ўстрымлівацца ад пагрозы або выкарыстаньня сілы супраць тэрытарыяльнай цэласнасьці або палітычнай незалежнасьці любой дзяржавы», — нагадаў Пампэо.