ЗША ўводзяць новае мыта на кітайскія тавары на 200 мільярдаў даляраў

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп

Злучаныя Штаты Амэрыкі плянуюць увесьці новае 10-адсоткавае мыта на кітайскія тавары на суму 200 мільярдаў даляраў.

Пра такі намер было абвешчана 10 ліпеня пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп паабяцаў зьвярнуцца да крокаў у адказ на рэакцыю Пэкіну на першы раўнд такіх мытаў, уведзеных на мінулым тыдні.

Канчатковага сьпісу тавараў, на якія накладуць мыта, пакуль няма. На ягонае ўзгадненьне могуць пайсьці два месяцы. Тады Трамп павінен вырашыць, ці зацьвярджаць рашэньне канчаткова.

Сярод тавараў, якія могуць трапіць пад мыта, марожанае мяса, жывая і сьвежая рыба, алей, лук, часнок, гародніна, садавіна, арэхі, мэталы, хімічныя рэчывы, шыны, скура, тканіна, дрэва і папера.

Раніцай 11 ліпеня Кітай раскрытыкаваў новыя намеры ЗША як «абсалютна непрымальныя» і паабяцаў «неабходныя захады».

6 ліпеня ўжо набыло моц імпартнае мыта на шэраг тавараў, якія экспартуюцца ў ЗША з Кітаю. 25-адсоткавым зборам абкладаюцца прамысловыя тавары — ад сельскагаспадарчых плугоў да паўправаднікоў і камплектных вырабаў, якія выкарыстоўваюцца ў самалётабудаваньні — на агульную суму 34 мільярды даляраў.

Гэтыя захады, паводле прэзыдэнта Трампа, выкліканыя адмовай Пэкіну адкрыць кітайскія рынкі для амэрыканскіх тавараў і неабходнасьцю абараніць амэрыканскія высокатэхналягічныя кампаніі, ад якіх у якасьці ўмовы выхаду на кітайскі рынак патрабуюць перадачы ключавых тэхналёгіяў кітайскім кампаніям.

34 мільярды даляраў — гэта менш за 1% ад агульнага аб’ёму штогадовага кітайскага экспарту ў ЗША. Аднак экспэрты папярэджвалі, што адпаведныя захады Кітаю справакуюць ўвядзеньне новых амэрыканскіх мытаў, што можа прывесьці да шырокамаштабнай гандлёвай вайны паміж краінамі з найбуйнейшай у сьвеце эканомікай, што ў сваю чаргу абернецца адчувальнымі нэгатыўнымі наступствамі для сусьветнай эканомікі.

У апошнія месяцы ЗША таксама ўвялі павышанае мыта на імпартную сталь і алюміній з Кітаю ды іншых краінаў, у тым ліку Эўразьвязу і Расеі.

Якія амэрыканскія тавары падаражэюць у Эўропе праз мыта

Эўразьвяз падымае мыты на тавары з ЗША