У папярэднім парадку дня Палаты прадстаўнікоў зноў няма «наркатычнага» артыкулу

Палата прадстаўнікоў, архіўнае фота

У сераду, 27 чэрвеня, дэпутаты Палаты прадстаўнікоў зьбіраюцца на пленарным пасяджэньні разгледзіць 11 пытаньняў. Аднак сярод іх пакуль няма тых зьменаў у Крымінальны кодэкс, якія тычацца пакараньня за распаўсюд наркотыкаў, ужываньне і гандаль імі — так званага 328 «наркатычнага» артыкулу.

Прапановы ўраду знаходзяцца ў Палаце прадстаўнікоў. Яны прадугледжваюць некаторыя зьмякчэньні артыкулу 328.

Магчыма, дэпутаты зоймуцца «наркатычным» артыкулам у пятніцу, 29 чэрвеня. У гэты дзень адбудуцца адразу дзьве падзеі: супольнае пасяджэньне абедзьвюх палат Нацыянальнага сходу з адказамі чальцоў ураду на пытаньні і пленарнае пасяджэньне Палаты прадстаўнікоў. Пасьля чаго, згодна з рэглямэнтам працы ніжэйшай палаты, пленарных пасяджэньняў ня будзе ўжо аж да 2 кастрычніка.

Што важна ведаць:​

У Кітай — бязь візы

Сёньня дэпутаты маюць намер ратыфікаваць пагадненьне паміж урадамі Беларусі і Кітаю аб узаемным бязьвізавым рэжыме для ўладальнікаў звычайных пашпартоў. Ратыфікацыя наблізіць час, пачынаючы зь якога грамадзяне абедзьвюх краін змогуць падарожнічаць, не адкрываючы абавязковай пакуль візы.