Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці 328»: «Каб беларускія дэпутаты разумелі нас, як замежныя амбасадары»


Удзельніцы руху «Маці 328» каля Адміністрацыі прэзыдэнта, 2 траўня 2018
Удзельніцы руху «Маці 328» каля Адміністрацыі прэзыдэнта, 2 траўня 2018

Актывісткі руху «Маці 328», якія трымалі галадоўку, прыходзяць да высновы, што іхнія праблемы глыбей разумеюць амбасадары замежных краінаў, чым дэпутаты Палаты прадстаўнікоў.

Што важна ведаць:

Дэпутат Навумовіч выслухаў і прапанаваў дапрацаваць зварот

Андрэй Навумовіч, архіўнае фота
Андрэй Навумовіч, архіўнае фота

У Лідзе са старшынём Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў па правах чалавека, нацыянальных адносінах і СМІ Андрэем Навумовічам сустрэліся актывісткі руху «Маці 328», якія трымалі галадоўку.

Жанчыны прынесьлі дэпутату чарговы зварот з патрабаваньнямі аб зьмяненьні «наркатычнага» артыкула 328. Паводле лідэркі руку Ларысы Жыгар, яны надалей патрабуюць зьменшыць пакараньне па ўсіх частках у два разы, залічыць адзін дзень знаходжаньня ў СІЗА за два дні пазбаўленьня волі, а таксама — каб новапрыняты закон меў зваротную сілу і распаўсюджваўся на раней асуджаных.

«Навумовіч, выслухаўшы нас, з разуменьнем паставіўся да нашых патрабаваньняў, але прапанаваў, каб мы зрабілі наш зварот больш разгорнутым, апісалі факты і аргумэнты, на падставе якіх выстаўляем свае патрабаваньні. Мы пагадзіліся яшчэ над гэтым папрацаваць», — кажа Жыгар.

Яна дадае, што размова з дэпутатам таксама вялася аб праблемах непаўналетніх, аб тым, што не выконваецца канвэнцыя ААН «Аб правах дзіцяці», якая ратыфікаваная Беларусьсю.

«І мы вельмі прасілі, каб Навумовіч хадайнічаў аб уключэньні актывістак „Маці 328“ у склад парлямэнцкай камісіі і мы маглі прыняць удзел у абмеркаваньні зьменаў у артыкул 328, — кажа спадарыня Ларыса. — Навумовіч сказаў, што гэта было б разумна, але якое рашэньне прымуць дэпутаты — у гэтым няма ніякай пэўнасьці».

«Калі ў парлямэнце нас ня будуць разумець, маці зноў пачнуць пратэсты»

Ларыса Жыгар
Ларыса Жыгар

Паводле Жыгар, яна наўпрост сказала дэпутату, што рух «Маці 328» патрабуе канкрэтных зьменаў у заканадаўстве, бо жанчынам ужо надакучыла хадзіць і абіваць парогі дэпутатаў і ў выніку атрымліваць нейкі мізэр.

«Я патлумачыла, што такое стаўленьне дэпутатаў да пратэстуючых маці зноў настаўляе іх на пратэсты. І пратэсты працягнуцца, калі зьменаў у заканадаўстве ня будзе», — сказала Жыгар.

Яна таксама распавяла дэпутату, што маладыя людзі, якія адседзелі за кратамі больш як пяць гадоў, ня ведаюць, як жыць далей. Некаторыя, паводле яе, сканчаюць жыцьцё самагубствам ці думаюць пра гэта.

«І дэпутатам варта пра гэта сур’ёзна падумаць», — сказала Ларыса Жыгар.

«Замежнікі праяўляюць большую цікавасьць, чым свае людзі»

22 траўня Ларысу Жыгар разам з Натальляй Горбач, якая таксама трымала галадоўку, запрасілі ў амбасаду Нідэрляндаў у Беларусі на сустрэчу з часовым павераным каралеўства Нідэрлянды ў Беларусі.

Паводле Жыгар, дыплямат праявіў непадробную цікаўнасьць да праблемаў руху «Маці 328», а таксама вельмі падрабязна распавёў пра заканадаўства ў Нідэрляндах.

«Чамусьці ўсе прадстаўнікі замежных консульстваў ці амбасадаў, зь якімі даводзілася гаварыць пра нашы праблемы, вельмі пранікнёна ставяцца да іх, хочуць усё падрабязна даведацца. А калі пачынаеш гаварыць з нашымі дэпутатамі, то разумееш, што праблемы застаюцца толькі тваімі», — кажа спадарыня Жыгар.

Асноўныя факты пра прымяненьне «наркатычнага» артыкула 328 у Беларусі. Інфаграфіка

Артыкул 328 Крымінальнага кодэксу — «Незаконнае абарачэньне наркатычных сродкаў» — прадугледжвае пакараньне ад 5 гадоў абмежаваньня волі да 25 гадоў пазбаўленьня волі з канфіскацыяй маёмасьці.

На знак пратэсту супраць жорсткасьці «наркатычнага артыкула» 27 красавіка актывісткі руху «Маці 328», які аб’ядноўвае сваякоў асуджаных за распаўсюд наркотыкаў, у Калінкавічах на Гомельшчыне і ў вёсцы Востраў на Меншчыне распачалі галадоўку. Яна трывала 15 дзён; для лідзкіх галадоўшчыц, якія далучыліся пазьней, — дзесяць.

Агулам у галадоўцы бралі ўдзел больш за 17 чалавек.

«Рэальных пастаўшчыкоў бачыў у калёніі 2–3 разы». Гутарка з чалавекам, які адседзеў «за наркотыкі» 7,5 года

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG