Губарэвіч: Адзінага кандыдата трэба выбраць праз праймэрыз. Магчыма, і я буду вылучацца

Юрась Губарэвіч

Госьць «Інтэрвію тыдня» — старшыня руху «За свабоду» Юрась Губарэвіч. Ён тлумачыць, як павінна выглядаць працэдура праймэрыз, заяўляе, што на сёньня ніводная палітычная сіла ня здольная самастойна сабраць подпісы за свайго прадстаўніка, і адказвае на пытаньне, ці зьбіраецца сам вылучацца ў прэзыдэнты.

Пачынаць трэба чым раней, тым лепей

— Днямі, выступаючы ў Воршы, вы выказалі думку, што адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на наступных прэзыдэнцкіх выбарах павінен быць вызначаны праз праймэрыз — сыстэму масавага папярэдняга галасаваньня дэмакратычных актывістаў. На гэты момант ці толькі ваша гэта прыватнае меркаваньне, ці гэта ўжо супольная пазыцыя правацэнтрысцкай кааліцыі альбо нават большага кола палітычных сілаў?

— На сёньня гэта працоўная пазыцыя правацэнтрысцкіх сілаў. Гэта той варыянт, які, на нашу думку, дапаможа вызначыць адзінага кандыдата ня толькі ад правацэнтрысцкай кааліцыі, але больш шырока. Тут уключаецца элемэнт спаборніцтва, калі іншыя палітычныя сілы будуць мець жаданьне выстаўляць сваіх кандыдатаў і адначасова дэкляраваць згоду на ўдзел у супольнай кампаніі. Таму праймэрыз — гэта такі базавы варыянт, каб вызначыць пераможцу.

— Калі варта пачынаць? Бо досьвед ранейшых прэзыдэнцкіх кампаніяў паказвае, што дэмакратычныя сілы даволі часта пачыналі вызначацца са сваім кандыдатам даволі позна.

— Натуральна, што чым раней — тым лепей. Пытаньне часу ўплывае на магчымасьці раскруткі кандыдатуры, магчымасьць даехаць да людзей у рэгіёны, зрабіць пэўныя праграмныя заявы. Зь іншага боку, трэба пралічваць розныя варыянты. Бо так бывае, што вельмі раньняя заява пры адсутнасьці актыўнай дзейнасьці можа адмоўна паўплываць на шанцы будучага кандыдата.

— Якія людзі могуць браць удзел у гэтых праймэрыз? Толькі актывісты ці ўсе ахвотныя? Ці няма тады небясьпекі, што ў другім варыянце прыйдуць наўмысна людзі, далёкія ад дэмакратычных каштоўнасьцяў, і будуць галасаваць за свайго кандыдата?

— На сёньня ёсьць два варыянты таго, як могуць разгортвацца падзеі. Адзін — гэта доступ да праймэрыз маюць толькі прадстаўнікі тых сілаў, якія вылучаюць кандыдатаў. Тады праймэрыз будуць нагадваць нечым унутрыпартыйныя выбары, якія праводзяцца ў шмат якіх краінах.

Другі варыянт — рабіць праймэрыз максымальна шырокімі. І тут існуюць небясьпекі маніпуляцыі і блякаваньня гэтага працэсу. Бо перакрыць доступ людзей да офісаў ды іншых месцаў, дзе будзе праходзіць галасаваньне, вельмі проста, і спэцслужбы могуць гэта зрабіць у любы момант. Які будзе абраны варыянт — казаць пакуль рана. Адна з мэтаў маіх паездак па рэгіёнах — жаданьне высьветліць, што для іх больш прымальна. Таму я і запытваў у Воршы — глядзіце, калі мы абвяшчаем шырокія праймэрыз — наколькі атрымаецца далучыць грамадзкасьць да гэтага працэсу? Меркаваньні былі самыя розныя.

Лідэры правацэнтрысцкай кааліцыі Анатоль Ляябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рамашэўскі

— Вы самі за які варыянт?

— Я за двухпрыступкавы варыянт. Калі першае базавае рашэньне прымаецца на ўзроўні тых суб’ектаў, які бяруць удзел у працэсе. Яны вызначаюць адну ці некалькі асобаў і робяць на іх стаўку. Далей гэтае рашэньне абкатваецца на пляцоўках у рэгіёнах, сярод шырэйшай грамадзкасьці. Там галасаваньне людзей мае рэкамэндацыйны характар і дэманструе, прымаюць яны гэтую кандыдатуру ці не.

На сёньня ніводная палітычная сіла ня здольная самастойна сабраць подпісы за свайго прадстаўніка

— Напрыклад, Партыя БНФ вырашыла, што пойдзе на прэзыдэнцкія выбары самастойна, са сваім кандыдатам. Іх вы хацелі б бачыць удзельнікам праймэрыз ці няхай сабе ідуць самастойна? Увогуле, пытаньне адзінага кандыдата актуальнае?

— Пытаньне адзінага кандыдата актуальнае нават зыходзячы з чыста тэхнічных меркаваньняў. Бо на сёньня ніводная палітычная сіла ня здольная самастойна сабраць подпісы за свайго прадстаўніка. 2010 і 2015 год паказалі, што толькі аб’яднаўшыся, стварыўшы вялікую каманду, можна сабраць сто тысяч подпісаў і праводзіць незалежную ад уладаў кампанію. Ня быць удзячнымі за тое, што ўлады залічаць фэйкавыя подпісы, і пасьля выконваць нейкія абавязкі ў адказ на гэта.

Таму патрэбнае шырокае аб’яднаньне, выхад на адну кандыдатуру, якая прадстаўляе вельмі шырокі спэктар дэмакратычных сілаў. На сёньня ў гэты спэктар могуць быць залічаныя тыя, хто мае блізкія погляды на разьвіцьцё сытуацыі ў Беларусі, на рэформы, на геапалітыку. Бо, напрыклад, наўрад ці нам можна далучаць да гэтага працэсу тых людзей, якія падтрымліваюць агрэсію Расеі супраць Украіны.

Немагчыма прыйсьці проста так з вуліцы і сказаць: «Я таксама далучаюся да працэсу»

— Але калі нейкая партыя вылучыць чалавека з такімі поглядамі і ён пачне на праймэрыз набіраць галасы?

— Павінны быць пэўныя крытэры для ўдзелу. Немагчыма прыйсьці проста так з вуліцы і сказаць: «Я таксама далучаюся да працэсу». Такіх фэйкавых кандыдатаў было поўна, яны падавалі на рэгістрацыю свае групы зь некалькіх чалавек. Такое заўсёды было, і гэтыя людзі маюць мэты ўласнай раскруткі — але навошта яны павінны ўдзельнічаць у такім сур’ёзным працэсе?

— Ёсьць кандыдаты, якія добра вядомыя сярод партыйных актывістаў, але якія наўрад ці маюць вялікія электаральныя шанцы сярод усяго насельніцтва. А ёсьць тыя, якія, можа, і не ўспрымаюцца самымі зацятымі актывістамі, але лепей успрымаюцца шырокімі народнымі масамі. Мы памятаем прыклад 2001 году, калі «прызначылі» адзіным кандыдатам Уладзімера Ганчарыка менавіта з гэтай матывацыяй. Вы лічыце, што на цяперашніх выбарах процістаяць Лукашэнку павінен партыйны кандыдат — ці грамадзкая фігура, вядомая ня толькі сярод вузкіх партыйных колаў?

— Трэба спалучаць і першае, і другое. Бо як бы ні было, але асноўны цяжар у арганізацыі працэсу збору подпісаў, раскруткі кандыдата, падтрымкі яго ў рэгіёнах ляжа на дэмакратычных актывістаў. Калі для іх фігура кандыдата будзе непрымальная, то наўрад ці ён здолее арганізаваць эфэктыўную кампанію.

У той жа час я ўпэўнены, што нашы актывісты не адарваныя ад грамадзтва. Яны цудоўна ведаюць, якія настроі ёсьць у беларусаў, як грамадзяне прымуць тую ці іншую кандыдатуру, якія ідэі яны гатовыя падтрымаць. Трэба спалучаць, і гэта дасьць аптымальны вынік.

— Ці зьбіраецеся вы асабіста вылучацца на гэтых праймэрыз — альбо ад руху «За свабоду», альбо ад усёй правацэнтрысцкай кааліцыі?

— Гэтая ідэя абмяркоўваецца цяпер у руху «За свабоду», і я не выключаю, што буду таксама выстаўляць сваю кандыдатуру.