Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка — як надвор’е: сёньня сонца, заўтра дождж. 10 тэзаў з выступаў беларускай апазыцыі ў ЗША


Лідэры беларускіх апазыцыйных партыяў Анатоль Лябедзька (АГП), Віталь Рымашэўскі (БХД) і Юрась Губарэвіч (Рух «За Свабоду») праводзяць сустрэчы з амэрыканскімі дзяржаўнымі службоўцамі, палітыкамі і экспэртнай супольнасьцю.

Сярод іншага, у беларускіх апазыцыйных лідэраў заплянаваныя сустрэчы з кангрэсмэнамі Джонам Шымкусам і Крыстафэрам Сьмітам, аўтарам акту аб дэмакратыі ў Беларусі; прадстаўнікамі Дзяржаўнага дэпартамэнту, Нацыянальнага дэмакратычнага і Міжнароднага рэспубліканскага інстытутаў, намесьнікам кіраўніка Міжнароднага вяшчаньня ЗША Джэфры Трымблам. Анатоль Лябедзька таксама наведаў «Голас Амэрыкі» і даў інтэрвію тэлеканалу «Настоящее Время».

У чацьвер, 17 траўня, у офісе Фонду Маршала палітыкі правялі сустрэчу з грамадзкасьцю, дзе распавялі пра мэты свайго візыту і чаканьні ад яго. Публікуем асноўныя тэзы з гэтай сустрэчы.

Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі (зьлева направа)
Анатоль Лябедзька, Юрась Губарэвіч і Віталь Рымашэўскі (зьлева направа)

1. Інвэстуючы ў Лукашэнку — лёгка ўсё страціць

Шматгадовыя інвэстыцыі ў дэмакратычныя зьмены ў Беларусі далі вынік. Сёньня 30-40% беларусаў падтрымліваюць Захад, і гэта вынік заходняй дапамогі. А Лукашэнка — як надвор’е: сёньня сонца, заўтра дождж. Інвэстуючы ў Лукашэнку — лёгка ўсё страціць (Лябедзька).

2. Рэжым будзе мяняцца

Лукашэнка, магчыма, рыхтуе мяккую зьмену ўлады. Нездарма ён заявіў пра рэфэрэндум. Пасьля вайны ва Ўкраіне ён зразумеў, што расейцы могуць прыйсьці і акупаваць краіну. У яго ёсьць дзеці і ўнукі, і ён хвалюецца за іхны лёс (Рымашэўскі).

3. Цяпер зьявілася вакно магчымасьцяў

Разам з тым падтрымка Захадам грамадзянскай супольнасьці, партыяў, СМІ зьменшылася. Заўсёды так: чым менш шанцаў на зьмены — тым большая падтрымка апазыцыі. Калі мы ў турме — палітыкам на Захадзе прасьцей абгрунтаваць пазыцыю. Але мы нічога ня можам зрабіць з турмы (Рымашэўскі).

4. Новы закон аб СМІ мае здушыць свабоду слова ў Беларусі

Такога наступу на інтэрнэт не было ніколі. Пастаянна затрымліваюць і штрафуюць журналістаў. Неабходная падтрымка незалежных мэдыяў. Неабходна адкрыць лічбавы тэлеканал і беларускую рэдакцыю «Голасу Амэрыкі» (Рымашэўскі).

5. Неабходная супраца і адзіная пазыцыя Вашынгтона і Брусэлю стасоўна Беларусі

Раней для эўрапейцаў Лукашэнка быў апошнім дыктатарам Эўропы, потым стаў перадапошнім, а потым ужо і не зусім дыктатар. Лукашэнка гэтым карыстаецца, пытаньне свабоды і правоў чалавека адышло на задні плян (Лябедзька).

6. Расея ўмацоўвае прысутнасьць у Беларусі

Спробы Лукашэнкі наладзіць супрацу з Захадам былі заўважаныя Расеяй, і яна спрабуе ўмацоўваць сваю прысутнасьць у Беларусі. Моцны расейскі ўплыў ідзе праз расейскую праваслаўную царкву. Расейскія мас-мэдыя штотыдзень глядзіць мінімум 2/3 насельніцтва. Шмат расейскіх агентаў уплыву ў беларускай арміі і КДБ (Губарэвіч).

7. Імя самага папулярнага палітыка ў Беларусі — не Лукашэнка

Яго імя — Уладзімір Пуцін. Лукашэнка разумее, што вынікам 4-га тэрміну Пуціна можа стаць міждзяржаўная сыстэма кіраваньня краінамі, у тым ліку Беларусьсю. Пуцін стварае новую сыстэму пад сябе (Губарэвіч).

8. Адносіны Лукашэнкі і Пуціна — вайна за даўжыню павадка

Лукашэнка ўвесь час спрабуе даўжыню павялічыць, але павадок застаецца. Падштурхоўваць яго трэба ў кожным разе (Лябедзька).

9. Беларуская апазыцыя падтрымлівае санкцыі супраць Расеі

Санкцыі супраць Лукашэнкі не працавалі, калі не было санкцыяў супраць Расеі. Чым слабейшая Расея — тым мацнейшыя краіны вакол яе (Рымашэўскі).

Юрась Губарэвіч (зьлева) і Віталь Рымашэўскі
Юрась Губарэвіч (зьлева) і Віталь Рымашэўскі

10. Для нас вельмі важнае адзінства

Мы плянуем вылучаць адзінага кандыдата на прэзыдэнцкіх выбарах і будаваць кааліцыю. Пасьпяховая акцыя 25 сакавіка — гэта таксама вынік нашай супрацы з новымі людзьмі (Рымашэўскі).

Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юры Губарэвіч прабудуць у ЗША да канца тыдня. На выходных заплянаваныя сустрэчы зь беларускай дыяспарай у Вашынгтоне і Нью-Ёрку.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG