Дзяржсакратар ЗША і «правая рука» Кім Чэн Ына пачалі перамовы ў Нью-Ёрку

Кім Ён Чхоль і Майк Пампэо.

У Белым доме чакаюць, што саміт Дональда Трампа і Кім Чэн Ына адбудзецца 12 чэрвеня, як і было заплянавана, паведамляе Голас Амэрыкі.

Дзяржсакратар ЗША Майк Пампэо ў сераду меў вячэру ў Нью-Ёрку зь Кім Ён Чхоль — «правай рукой» паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына.

Сустрэча прайшла на фоне падрыхтоўкі да саміту прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа і кіраўніка КНДР Кім Чэн Ына 12 чэрвеня ў Сінгапуры.

Кім Ён Чхоль стаў самым высокапастаўленым паўночнакарэйскім чыноўнікам, які наведаў ЗША за 18 гадоў.

Ані ён, ані Пампэо ня сталі размаўляць з журналістамі, калі прыбылі ў будынак побач са штаб-кватэрай ААН. Аднак Белы дом паведаміў, што яны плянуюць весьці перамовы на працягу ўсяго чацьвярга.

Тым часам Белы дом паведаміў, што дыскусія аб «поўнай дэнуклеарызацыі паўвострава» не ўключае тэму амэрыканскіх узбраеньняў — абарончага шчыта, які закрывае Паўднёвую Карэю і ўключае падводныя лодкі з ядзернай зброяй і стратэгічныя бамбавікі, здольныя несьці атамныя бомбы, якія не базуюцца на паўвостраве.

Па некаторых ацэнках, Паўночная Карэя мае ня менш за 12 адзінак ядзернай зброі.

Кім Ён Чхоль зьяўляецца намесьнікам старшыні ўплывовага Цэнтральнага камітэту Працоўнай партыі Карэі і былым кіраўніком паўночнакарэйскай выведкі. Ён і Пампэо ўжо сустракаліся двойчы ў Пхэньяне.