28-гадовы Раман Кузьмянкоў правёў ужо два пікеты з такім плякатам, пратэстуючы супраць нізкіх заробкаў. Другі пікет, як і першы, скончыўся затрыманьнем. Але асудзілі хлопца толькі праз тыдзень.
Мінулую акцыю пратэсту Раман правёў 21 сакавіка на вуліцы Сямёнава ў густанаселеным мікрараёне на ўскраіне Воршы. Пікет ізноўку быў непрацяглы: як і першы раз, Кузьмянкова затрымалі міліцыянты. Пасьля складаньня пратаколу за парушэньне парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў Рамана павезьлі ў суд, адкуль судзьдзя накіраваў яго на псыхіятрычную экспэртызу.
Вынікі экспэртызы сталі вядомыя 28 траўня — хлопец ня мае псыхічных адхіленьняў. На наступны дзень аршанскі суд аштрафаваў Рамана Кузьмянкова на 22 базавыя велічыні, што складае 539 рублёў.
За першы пікет з плякатам «Па 500 тут няма» Кузьмянкова аштрафавалі на 20 базавых велічынь (490 рублёў). На наступны дзень, 16 траўня, у яго правялі ператрус, сканфіскавалі аргтэхніку і дапыталі ў Сьледчым камітэце.
Паводле словаў Рамана Кузьмянкова, сьледчыя настойліва цікавіліся, навошта ён піша звароты на сайт Аршанскага райвыканкаму і папярэджвае чыноўнікаў пра чарговыя акцыі пратэсту. Хлопец кажа, што ў суду паўсталі тыя самыя пытаньні, і менавіта гэта стала падставай для накіраваньня на псыхіятрычную экспэртызу.