Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аршанца, які пікетаваў з плякатам «Па 500 тут няма», ананімна зьвінавацілі ў абразе чыноўнікаў


Раман Кузьмянкоў
Раман Кузьмянкоў

У кватэры 28-гадовага Рамана Кузьмянкова правялі ператрус, забралі аргтэхніку і дапыталі ў сьледчым камітэце, навошта ён піша звароты ў райвыканкам, крытыкуючы мясцовыя ўлады.

Жыхара Воршы выклікалі ў сьледчы камітэт на падставе «ананімкі»

Раман Кузьмянкоў рапавёў Свабодзе, што ўвечары 15 траўня двое міліцыянтаў забралі ў яго кампутар, непрацоўную друкарку, флэшку і зьменны дыск.

«Міліцыянты паказалі пастанову на агляд кватэры, дзе падстава для ператрусу — нібыта я абразіў кагосьці з аршанскіх чыноўнікаў. Супрацоўнікі назвалі сябе, паклікалі панятых — маіх суседзяў. Але не пакінулі аніякіх папераў, што забралі аргтэхніку. Я нават не запомніў прозьвішчы, бо спадзяваўся атрымаць на рукі дакумэнт, дзе яны будуць запісаны. Ці копію. Але мне нічога не далі. Я пра гэта распавёў сёньня ў сьледчым камітэце, куды мяне выклікалі на размову,» — апавёў Раман.

Паводле Кузьмянкова, у сьледчым камітэце яму сказалі, што праводзяць праверку па ананімным звароце: маўляў нехта паведаміў у міліцыю, што ён абражае чыноўнікаў. Але каго канкрэтна і якім чынам — невядома, падкрэсьлівае Кузьмянкоў.

«Я некалькі разоў зьвяртаўся ў Аршанскі райвыканкам праз адмысловую форму на сайце. Паведамляў пра праблемы на прадпрыемствах, пра хібы ў працы камунальных службаў. Заўжды ўважліва перачытваў, што пішу, і абсалютна ня меў на мэце, каб абразіць кагосьці асабіста. Мае звароты я бачыў раздрукаванымі ў сьледчага, але мне іх не паказвалі. Нібыта ў гэтых допісах і ёсьць абразы ад майго імя», — сказаў Раман Кузьмянкоў.

Апошні раз ён напісаў у форме для зваротаў, што зьбіраецца зладзіць аднаасобны пікет на знак пратэсту супраць малых заробкаў. Пікет адбыўся 14 траўня, Кузьмянкова затрымалі і ў той жа дзень завезьлі ў суд. Судзьдзя Юлія Хаткевіч аштрафавала яго на 490 рублёў (20 базавых велічынь).

У жыхара Дуброўна таксама забралі аргтэхніку, бо ён нібыта абразіў пракурора

Падобная гісторыя здарылася зь Міхаілам Чамуракам, жыхаром Дуброўна — суседняга з Воршай райцэнтру. 4 траўня ў яго правялі ператрус і забралі працэсар ад стацыянарнага кампутара і ноўтбук, які належыць ягонай маці-пэнсыянэрцы. У гэтым ноўтбуку захавана ўся інфармацыя, неабходная для прадпрымальніцкай дзейнасьці, але гэта нікога не спыніла, кажа Міхаіл.

«Мне заявілі, што вядзецца праверка па заяве, нібыта я абразіў пракурора раёну ў "Аднаклясьніках". Дык прычым тады кампутар, калі ўсё відаць у сацыяльнай сетцы? Але ўсё-ткі забралі. Пасьля мяне ператрус правялі і ў хаце маёй маці. Яна інвалід 2-й групы, расхвалявалася, падняўся ціск, пакуль у яе нешта шукалі па шафах, на кухні, пільна разглядалі пральную машыну. У выніку забралі некалькі дыскаў з сямейным фотаархівам», — апавёў дубровенскі актывіст.

Міхаіл Чамурака
Міхаіл Чамурака

Абодва ператрусы — у Воршы і ў Дуброўне — яднае адна акалічнасьць: парушаючы заканадаўства, міліцыянты не пакінулі дакумэнтаў пра забраныя рэчы.

Былая настаўніца Сьвятлана Дзьмітрыеўна Чамурака гаворыць, што напісала заяву на імя начальніка Дубровенскага РАУС:

«Напісала, што ноўтбук практычна скралі — у мяне ж доказаў няма, што яго забралі падчас ператрусу ў сына. Мне адказалі, што ноўтбук накіравалі ў Віцебск, і цяпер яго лёс будзе вырашаць абласная ўправа МУС».

Міхаіл з маці – ужо за іншым ноўтбукам
Міхаіл з маці – ужо за іншым ноўтбукам

Аршанец Раман Кузьмянкоў таксама зьбіраецца патрабаваць афіцыйных дакумэнтаў на забраныя рэчы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG