Некаторыя найбольш цікавыя публікацыі Свабоды мінулага тыдня.
«Пасьля рэвалюцыі будзе балюча». Рэпартаж Свабоды зь Ерэвану
Армяне паводзяць сябе так, нібы рэвалюцыя ўжо перамагла. Футболкі з партрэтам лідэра пратэстаў Нікола Пашыньяна ўжо сталі сувэнірамі для турыстаў. Яшчэ нядаўна нябачныя паліцыянты ганяюць пешаходаў за няправільны пераход дарогі. Як зьмяняецца Армэнія і ці не баяцца тут, што нацыянальны герой Пашыньян стане чарговым дыктатарам? Рэпартаж карэспандэнта беларускай Свабоды Антона Трафімовіча зь Ерэвану.
Як партызаны забівалі маіх аднавяскоўцаў. 75 гадоў налібацкай бойні
8 траўня 1943 году ў Налібаках на Стаўпеччыне партызаны забілі больш за сотню мірных жыхароў. Спачатку ў справаздачах паведамлялася, што ахвяры — гэта 200 паліцыянтаў. Пазьней яны сталі немцамі, а лічба вырасла да 400. А насамрэч аніводзін немец тады ня быў забіты.
Вайна «без асобых прычын». Ад чаго ў 1945-м вызваліліся беларусы?
Перамога — гэта ў кожным разе нейкі бонус, калі не матэрыяльны, дык маральны, вызваленьне, напрыклад. А ад чаго ў 1945-м вызваліліся беларусы? Ад калгаснага прыгону? Не. Ад русіфікацыі? Не. Ад страху? Таксама не. Што набылі? Страшную, як вялізная радзімая пляма, ганьбу ў выглядзе «невядомага салдата», які так і застанецца невядомым, бо зрабіць яго вядомым ніхто асабліва і не імкнуўся. Як бы і няма патрэбы.
«Гэта дзеці, якія вырасьлі пры яго ўладзе». Што б сказалі Лукашэнку маці зьняволеных
Чаму пераважна маці найбольш адчайна і пасьлядоўна змагаюцца за сваіх дзяцей? Як эфэктыўна змагацца з наркотыкамі? Абмяркоўваюць актывісткі руху «Маці 328» Ларыса Жыгар з Горадні, Тацяна Канеўская, якая прадстаўляе групу актывістак у Каленкавічах, і Натальля Шарыпа зь Віцебску.
Пілсудзкі, Масарык, Гарыбальдзі. А хто сымбалізуе беларускую дзяржаўнасьць?
Беларусь абвясьціла сваю незалежнасьць у той самы час, як і Польшча, Чэхія, Фінляндыя, Эстонія або Ісьляндыя. Але ў адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў, якія мелі сваіх лідэраў, у Беларусі складана адназначна назваць асобу, якая б стала сымбалем стварэньня дзяржавы. У палякаў такім сымбалем стаў Юзаф Пілсудзкі, у чэхаў Томаш Масарык, у туркаў — Атацюрк. Яшчэ раней, у італьянцаў такім сымбалем стаў Джузэпэ Гарыбальдзі, а ў немцаў — Ота фон Бісмарк. Хто была ў беларускай гісторыі асоба, якая зрабіла найвялікшы ўнёсак у станаўленьне дзяржаўнасьці і якую сёньня можна назваць сымбалем беларускай дзяржаўнасьці? Такое пытаньне Свабода задала прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі.
Саўка ды Грышка: «Беларусь не гуляе ў хакей»
Героі Лявона Вольскага абмяркоўваюць выступленьне беларускай хакейнай зборнай на чэмпіянаце сьвету ў Даніі.
«Дзяўчаты, вы ўсё роўна ніколі ня зробіце кар’еры дыплямата»
З дасьледніцай, асьпіранткай пры Польскай акадэміі навук Веранікай Лапуцькай вучымся чытаць лічбы пра Беларусь у міжнародных справаздачах, тлумачым, чаму ўлады памыліліся наконт дэпутатак Алены Анісім і Ганны Канапацкай, і зьдзіўляемся, чаму хлопцы не падаюць руку дзяўчатам пра знаёмстве.
Ці можна быць шчасьлівым у Беларусі? Тлумачыць кіраўнік данскага Інстытуту шчасьця
Майк Вікінг ведае пра шчасьце ўсё. Яго радзіма — Данія, якая неаднойчы узначальвала рэйтынг самых шчасьлівых краінаў сьвету. Майк заснаваў і ўзначальвае Інстытут дасьледаваньня шчасьця ў Капэнгагене. А яго кнігі «Hygge. Сакрэт данскага шчасьця» і «Lykke. У пошуках сакрэтаў найшчасьлівейшых людзей» сталі сусьветнымі бэстсэлерамі.
Наркаманаў трэба лячыць, а не саджаць на 10 гадоў, — Вольга Кавалькова
Госьць «Інтэрвію тыдня» — сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Вольга Кавалькова. Яна тлумачыць, чаму БХД падтрымлівае «Маці 328», распавядае, чаму ўлады не гатовыя прызнаваць свае памылкі, і адказвае на «традыцыйнае» пытаньне, ці лічыць сябе фэміністкай.
Траўма эмігранткі, якая праз 30 гадоў наведала Беларусь
Мая сяброўка, якая нарадзілася і вырасла ў Менску, але ўжо 30 гадоў жыве ў Канадзе, упершыню наведала Беларусь. Радзіма парадавала пазытыўнымі турыстычнымі ўражаньнямі, а пагружэньне ў штодзённае жыцьцё раўналетак — траўмавала. Усе былыя аднакурсьніцы, зь якімі яна сустрэлася ў Менску — а гэта жанчыны перадпэнсійнага веку — прыкаваныя сядзелкамі да сваіх састарэлых бацькоў. Кватэры ператвораныя ў хатнія шпіталі, усё жыцьцё сямейнікаў завязанае на гэты клопат. Любоў, догляд, падтрымка — усё ёсьць. Але разам са зьнясіленьнем дашчэнту.