Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як партызаны забівалі маіх аднавяскоўцаў. 75 гадоў налібацкай бойні


Налібакі. Каталіцкі касьцёл і парафіяльныя могілкі, дзе пахаваныя ахвяры бойні 8 траўня 1943 году

8 траўня 1943 году ў Налібаках на Стаўпеччыне партызаны забілі больш за сотню мірных жыхароў. Спачатку ў справаздачах паведамлялася, што ахвяры — гэта 200 паліцыянтаў. Пазьней яны сталі немцамі, а лічба вырасла да 400. А насамрэч аніводзін немец тады ня быў забіты.

Доўгі час пра гэтую падзею амаль ніхто ў маёй роднай вёсцы публічна ня згадваў. Яна ня ўпісвалася ва ўра-патрыятычную канцэпцыю Дня Перамогі, які адзначаўся на наступны дзень. Але з гэтай гісторыяй заўсёды жылі ўсе мае землякі і я.

У двары майго роднага дома, дзе да канцы вайны стаяў шпіталь, партызаны ў гэты дзень забілі двух беларускіх настаўнікаў. У доме побач жыла баба Ўршуля Лукашэвіч, у якой партызаны забілі мужа. У доме з другога боку жыла Леанарда Юнцавіч, якая малой дзяўчынкай маліла партызанаў не забіваць яе тату, пакуль той хаваўся за печчу. Ідучы ў школу, я спускаўся з таго самага пагорка, зь якога, паводле сьведкаў тых падзеяў, 8 траўня ручаём цякла кроў. А непадалёк ад школы стаяў стары савецкі абэліск у гонар партызанаў, на якім памылкова былі выбітыя і імёны іхных ахвяраў.

Вуліца Ліпеньская ў Налібаках (былая Наваградзкая). Пагорак, зь якога, паводле мясцовых, цякла кроў
Вуліца Ліпеньская ў Налібаках (былая Наваградзкая). Пагорак, зь якога, паводле мясцовых, цякла кроў

Многія лічаць, што і сама трагедыя была фатальнай памылкай.

Перадгісторыя трагедыі

Улетку 1942 году немцы загадалі ўтварыць у Налібаках «самаахову». Прыцягнутыя туды пад пагрозай сьмерці налібацкія мужчыны мусілі ахоўваць мястэчка ад рабункаў партызанаў. На Налібакі з 2 тысячамі насельніцтва немцы пакідаюць 28 старых карабінаў. З аднаго боку немцы і пагроза сьмерці, а з другога — тысячы савецкіх партызанаў у пушчы.

Кіраўнік налібацкай самааховы Яўген Клімовіч спрабуе дамовіцца з апошнімі. Падчас перамоваў у пушчы партызаны прапаноўваюць налібачанам імітаваць напад на «самаахову», каб вёсцы ўнікнуць нямецкай помсты. Маўляў, мы нападзём, вы пастраляеце ўгару і пяройдзеце на наш бок. Немцам налібачане меліся агучыць вэрсію, што партызаны гвалтам павялі «самаахову» ў лес, і што там зь ёю сталася, невядома. На імітацыю нападу Клімовіч пагаджаецца, але просіць даць час, каб абдумаць прапанову аб пераходзе ў партызанку. Бакі дамаўляюцца перад «нападам» сустрэцца яшчэ раз і да «захопу» пазьбягаць сутыкненьняў. «Напад» нібыта дамовіліся ўчыніць 10 траўня.

Напад

Пачатак вуліцы ў боку кроманьскага лесу. Па гэтым бруку ў Налібакі ўваходзілі партызаны
Пачатак вуліцы ў боку кроманьскага лесу. Па гэтым бруку ў Налібакі ўваходзілі партызаны

​А 5-й гадзіне раніцы 8 траўня з боку кроманьскага лесу ў Налібакі ўваходзіць атрад імя Сталіна пад камандаваньнем Васілія Чарнышова («Платона»).

У адным зь першых дамоў там жывуць Мішукі. Пасьля вайны яны апынуцца ў Амэрыцы, дзе сын гаспадароў Вацлаў напіша ўспаміны і прыгадае той дзень:

«Доўгая сэрыя з кулямёта разарвала пярэднюю сьценку пад вокнамі нашага дома і канапу ў другім канцы пакоя. Кулі затрымаліся на процілеглай сьцяне, некалькі сантымэтраў над нашымі галовамі. (...) З-за вокнаў далятаў крык: "Давай, давай, вперёд!". Мама падбегла да вакна і загаласіла: "Вёска гарыць!". Я выбег у споднім на падворак. Над вёскай і мястэчкам дым. Лямант у нашых суседзяў Лукашэвічаў. Два ўзброеныя чалавекі выводзяць з хаты Караля. За мужам бяжыць жонка Поля, за ёй бацькі. Людзі даводзяць Караля да гумна. Гучаць два сухія стрэлы зь пісталета».

Тут да жніўня 1943 году стаяў дом Мішукоў
Тут да жніўня 1943 году стаяў дом Мішукоў

Экзэкуацыі адбываюцца амаль у кожным двары паводле таго самага сцэнара. Партызаны — мужчыны і жанчыны — забягаюць у хату, страляюць у гаспадара, а часам і ў цэлыя сем’і, і рабуюць дом. Байцы «самааховы» разгубленыя і ня ведаюць, што адбываецца. Нехта зь іх выбягае на падворак, мяркуючы, што гэта дамоўленая з партызанамі апэрацыя. Страляе, як і дамаўляліся, угару, а партызаны адказваюць чэргамі з аўтаматаў, падпальваючы будынкі.

Успаміны пра драматычны дзень 8 траўня налібацкія эмігранты пасьпелі напісаць і апублікаваць. Іх лёгка можна знайсьці ў інтэрнэце. 6-гадовая тады Яніна Стасюкевіч запомніла, як партызан стрэліў у нагу яе маці. За Вераніку Стасюкевіч заступіўся іншы партызан, які загадаў спыніць агонь і прыгразіў застрэліць свайго напарніка. Пад дом Стэфана Стасюкевіча пад’ехаў партызан. Папрасіў у гаспадара запалак, а потым застрэліў яго і падпаліў дом.

Мечыслаў Клімовіч, які быў тады падлеткам, памятае, як партызаны выводзілі на вуліцу налібацкіх мужчын і загадвалі станавіцца ў шэраг. Да іх на кані пад’ехала жанчына, прывязала каня да плоту і са спакойным абліччам пачала страляць па мясцовых.

17-гадовую Марысю Грыгарцэвіч будзяць стрэлы з аўтамата. Дзяўчына вызірае ў вакно і бачыць, як незнаёмы падпальвае іхнае гумно. У дом забягае іншы партызан. У сенцах стаіць муляр Альбэрт Фарботка, які жыве ў Грыгарцэвічаў на кватэры. Партызан страляе яму проста ў твар і, пахіляючыся над ім, крычыць:

— Ё. тваю маць, сволач...

Пахіляецца, хапае за руку і шукае гадзіньнік. Няма... «Пракляты п... ц». Партызан сьцягвае з Альбэрта штаны і выбягае на двор.

15-гадовы Болесь Хмара хаваецца ў хаце. Праз сьцены ён чуе, як партызаны выводзяць на двор ягонага старэйшага брата. Жанчына страляе яму ў грудзі. Куля трапляе ў ключыцу і разрывае костку.

У сям’і Каржэнькаў партызаны таксама забіваюць старэйшага сына. Малодшы Толік назірае за гэтым з хлява. Калі саветы выходзяць на вуліцу, ён сядае на каня і ўцякае ў бок лесу. Бацька, мяркуючы, што гэта адзін з партызанаў, хапаецца за вінтоўку і страляе. Толік падае на зямлю.

Перад тым, як падпальваць дамы, партызаны іх дашчэнту рабуюць. З сабой у лес яны забіраюць 100 кароў і 70 коней.

За дзьве гадзіны ў Налібаках загінулі 128 мясцовых. Ахвяры — пераважна мужчыны, але сярод забітых ёсьць тры жанчыны, падлеткі і дзесяцігадовае дзіця.

Некаторыя сем’і страцілі 7-8 чалавек. Хавалі забітых некалькі дзён. У многіх трунах былі толькі рэшткі спаленых целаў, у некаторых — толькі попел.

Савецкая вэрсія

«Уначы 8 траўня 1943 году партызанскія атрады пад кіраўніцтвам тав. Гулевіча і камісара тав. Муратава зьнянацку разграмілі нямецкі гарнізон самааховы мястэчка Налібакі. У выніку дзьвюхгадзіннай барацьбы загінулі 250 самаахоўцаў», — гаворыцца ў службовай нататцы кіраўніка савецкай партызанкі на Наваградчыне Васілія Чарнышова — «Платона».

Васілій Чарнышоў
Васілій Чарнышоў

​У нападзе на Налібакі, як успамінае Чарнышоў, узялі ўдзел атрады імя Дзяржынскага, «Бальшавік», імя Суворава ды іхныя камандзіры — тав. Канстанцін Шашкін, тав. Макаеў, тав. Фёдар Суркоў. «Платон» называе фантастычную лічбу ўдзельнікаў апэрацыі — 750 чалавек. Мясцовыя ж кажуць пра ня больш як 150 партызанаў.

Старшыня Цэнтральнага штабу партызанцкага руху Панцеляймон Панамарэнка ўзнагародзіў кіраўнікоў апэрацыі ў Налібаках.

Вэрсіі

Напад на Налібакі быў караю мясцовым жыхарам за неляяльнасць партызанам і за сумневы ў бальшавіцкай уладзе. Так лічаць самі налібачане — тыя, зь якімі мне даводзілася рагутарыць, і тыя, хто пасьпеў апісаць падзеі 8 траўня ва ўласных успамінах.

У Польшчы некаторыя дасьледнікі пішуць, што за напад адказваюць габрэйскія партызаны з атраду Тэўе Бельскага, а сама апэрацыя была чыста антыпольскаю акцыяй габрэйскае партызанкі. Але гісторыкі даказалі, што ў траўні 1943 атрад Бельскага быў на Лідчыне.

Ёсьць і тыя, хто перакананы, што бойня адбылася выпадкова. Нібыта ў сям’і налібачанаў Нецкаў гасьцяваў пляменьнік з Івянца, які быў паліцыянтам. Пабачыўшы шэрагі партызанаў, ён уцёк на паддашак і пачаў страляць, справакаваўшы крывавую помсту. У гэтай вэрсіі ёсьць адна сумнеўная дэталь. Дом Нецкаў знаходзіцца за 200-300 мэтраў ад дома Мішукоў пры лесе, які быў абстраляны першым. То бок, дайшоўшы да Нецкаў, партызаны пасьпелі забіць некалькі дзясяткаў чалавек. Дый страляніна пачалася сынхронна ў розных канцах Налібак, паміж якімі амаль 2 кілямэтры.

Старыя могілкі ў Налібаках
Старыя могілкі ў Налібаках

У 2014 годзе я размаўляў зь нямецкім гісторыкам партызанскага руху ў Беларусі Богданам Мусялам. У 2000-я гады ён знайшоў у адной з навакольных вёсак жанчыну, якая падлеткам жыла ў партызанскім лягеры. Яна ўспамінала: вярнуўшыся з апэрацыі 8 траўня з Налібак, Чарнышоў быў у лютасьці і крычаў, што «самаахова» яму здрадзіла і ён быў вымушаны паступіць жорстка. Пра паліцыянта ў доме Нецкаў ён ня ўзгадваў. Увогуле ніхто зь мясцовых яго ніколі ня бачыў. Гэтая вэрсія зьявілася пазьней, невядома, хто стаў яе крыніцай і ці быў той «пляменьнік Нецкаў» увогуле.

Заблытаная памяць

Пасьля вайны многія ўдзельнікі налібацкай апэрацыі атрымалі высокія партыйныя пасады ў Беларусі, частка вярнулася ў Расею. Ва ўспамінах некаторыя хваляцца, як 8 траўня 1943 году забілі ў Налібаках больш за дзьве сотні немцаў і паліцаяў. Чарнышоў памёр у 1969 годзе на пасадзе першага сакратара Прыморскага краявога камітэту КПСС і пахаваны на Навадзевічых могілках у Маскве.

Раённая кніга «Памяць», выдадзеная ўжо ў незалежнай Беларусі, піша пра разгром у Налібаках 8 траўня нямецкага гарнізону. Прытым што аніводнага немца ў той дзень у Налібаках не было.

На пачатку 1990-х гадоў пэўны знаёмы журналіст, які тады працаваў на Беларускім тэлебачаньні, сустрэўся ў адным зь менскіх паркаў з былым партызанам з Налібацкай пушчы. Задаволены цікавасьцю да сябе, вэтэран распавядаў з гонарам пра баявое мінулае. Але калі журналіст спытаўся пра дэталі «налібацкай апэрацыі», той сарваў мікрафон і бяз слова разьвітаньня пачаў уцякаць, ледзь ня трапіўшы пад трамвай. Магчыма, ён быў адным з апошніх, хто памятаў тыя падзеі ня з гледзішча ахвяры.

Помнік ад налібацкіх эмігрантаў
Помнік ад налібацкіх эмігрантаў

У першай палове 1990-х за грошы налібацкай эміграцыі на парафіяльных могілках быў пастаўлены вялікі помнік. Надпіс на шыльдзе сьведчыць пра 128 забітых налібачан. Адзін з фундатараў, амэрыканскі налібачанін, расказаў мне, што ўмовай згоды на помнік была адсутнасьць згадкі пра забойцаў. Сёньня, як усе апошнія 15 гадоў, там адбудзецца жалобнае набажэнства за ахвяраў. Але расказаць пра забойцаў у Налібаках ужо няма каму.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG