Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пілсудзкі, Масарык, Гарыбальдзі. А хто сымбалізуе беларускую дзяржаўнасьць?


Штогод 9 траўня ў Беларусі кажуць пра герояў і гераізм, пра незалежнасьць і ўласную дзяржаву. Пра беларускіх герояў дыскутавалі з нагоды 100-годзьдзя БНР. Празь некалькі месяцаў штуршком для чарговых размоваў стане 100-годзьдзе БССР.

Свае юбілеі сьвяткуюць сёлета многія эўрапейскія краіны. Тэма гераізму і герояў — неад’емная частка агульнанацыянальных дыскусіяў у гэтых дзяржавах.

Беларусь абвясьціла сваю незалежнасьць у той самы час, як і Польшча, Чэхія, Фінляндыя, Эстонія або Ісьляндыя. Але ў адрозьненьне ад іншых эўрапейскіх дзяржаваў, якія мелі сваіх лідэраў, у Беларусі складана адназначна назваць асобу, якая б стала сымбалем стварэньня дзяржавы. У палякаў такім сымбалем стаў Юзаф Пілсудзкі, у чэхаў Томаш Масарык, у туркаў — Атацюрк. Яшчэ раней, у італьянцаў такім сымбалем стаў Джузэпэ Гарыбальдзі, а ў немцаў — Ота фон Бісмарк.

Хто была ў беларускай гісторыі асоба, якая зрабіла найвялікшы ўнёсак у станаўленьне дзяржаўнасьці і якую сёньня можна назваць сымбалем беларускай дзяржаўнасьці? Такое пытаньне Свабода задала прадстаўнікам беларускай інтэлігенцыі.

Натальля Сьліж, гісторык: Хадкевіч, Сфорца, Геніюш

Натальля Сьліж
Натальля Сьліж

​Вельмі цяжка прадставіць адну асобу як безумоўнага героя нацыі, чый унёсак непараўнальна большы. Кожная эпоха нараджае людзей, якія працуюць для сваёй нацыі і краіны. Таму мой вобраз мае зьборны характар.

Каб краіна існавала, трэба ўмець за яе ваяваць, так як гэта рабіў Стэфан Баторы і гетман Ян Караль Хадкевіч. Каб яна ўстойліва разьвівалася неабходная добрая эканоміка. Тут я б адзначыла дзейнасьць Боны Сфорцы, якая правяла выдатныя эканамічныя рэформы. Прыклад выбітнай палітычнай кар’еры ўвасобіўся ў дзейнасьці канцлера ВКЛ Астафея Валовіча, які абараняў інтарэсы краіны і зрабіў важны ўнёсак у яе разьвіцьцё. Аднак для таго, каб існавала нацыя, важна мець нязломны дух, які мела Ларыса Геніюш.

Аляксандар Пашкевіч, гісторык: Цяжка паставіць кагосьці паставіць з братамі Луцкевічамі​

Аляксандар Пашкевіч
Аляксандар Пашкевіч

​І Масарык, і Пілсудзкі маюць імідж фактычна «бацькоў-аднаўляльнікаў» сваіх нацыянальных дзяржаваў. Зь беларускай тагачаснай дзяржаўнасьцю ўсё зусім ня так, паколькі яна ў той час ня здолела паўнавартасна адбыцца. Таму і казаць тут можна хутчэй не пра тое, хто рэальна быў беларускім Масарыкам і Пілсудзкім, а хто меў патэнцыял імі стаць у тым выпадку, калі б лёс беларускай дзяржаўнасьці склаўся больш шчасьліва.

Адказ тут відавочны — гэта браты Іван і Антон Луцкевічы, якія стаялі ля самых вытокаў беларускага грамадзка-культурнага і палітычнага руху ў пачатку ХХ ст., адыгрывалі ў гэтым руху вядучыя ролі на працягу ўсіх наступных гадоў і ў выніку сталі асноўнымі натхняльнікамі абвяшчэньня незалежнасьці БНР 25 сакавіка 1918 году. Прытым братоў варта разглядаць менавіта разам, бо аж да самай сьмерці Івана яны ішлі ў сваёй беларускай дзейнасьці побач, удала дапаўняючы адзін аднаго.

Калі ж усё ж аддаваць перавагу камусьці аднаму, то мне падаецца, што патэнцыял сапраўднага нацыянальнага лідэра ў Івана Луцкевіча быў большы, чым у брата. Гледзячы аб’ектыўна, цяжка кагосьці паставіць з братамі Луцкевічамі ў тагачаснай беларускай палітыцы побач паводле рэальных заслуг перад беларускім рухам.

Сьвятлана Куль, гісторык: Каб быў свой Пілсудзкі, трэба вырасьці без саўковай псыхалёгіі​

Сьвятлана Куль
Сьвятлана Куль

​Я думаю, нашаму «Пілсудзкаму» цяпер недзе гадоў 20-22. Ён недзе студэнт, або закончыў. Можа, акурат у мяне сёньня на занятках у Варшаве распавядаў пра сучасную беларускую культуру, а, можа, у Курапатах акурат сёньня прыбіраўся. А, можа, недзе ў Горадні на маршы раварыстаў быў. Ён цяпер дарастае.

Чаму так? Бо каб быў свой нацыянальны лідэр узроўню Пілсудзкага, трэба вырасьці без саўковай псыхалёгіі. Гэта новае пакаленьне, якое цяпер ня толькі становіцца беларускім, але і бяз рабскай псыхалёгіі. Карацей, чакаем.

Дзяніс Мельянцоў, палітоляг: Галоўная фігура Лукашэнка​

Дзяніс Мельянцоў
Дзяніс Мельянцоў

​Я думаю, што найперш гэта Аляксандар Лукашэнка з даволі відавочных прычынаў. Па-першае, ён — першы прэзыдэнт незалежнай Беларусі. І пакуль што адзіны. На сёньняшні дзень гэта найбольш вядомая асоба ў краіне. Ён фактычна асацыюецца з самой гэтай краінай, і зь дзяржаўнасьцю, паколькі ў Беларусі супэрпрэзыдэнцкае праўленьне.

Ні для кога не сакрэт, што ўсё ў палітычным пляне і шмат што ў эканамічным вырашаецца менавіта зь ім. Ёсьць вялікае пытаньне, наколькі ён застанецца ў гісторыі менавіта як постаць, павязаная зь беларускай дзяржаўнасьцю. Але на сёньняшні дзень відавочна, што і паводле вядомасьці, і паводле ўплыву, гэта галоўная фігура, якую можна лічыць сымбалем беларускай дзяржаўнасьці.

Юлія Цімафеева, паэтка і перакладчыца: Любая дзяржава была створаная, каб абмяжоўваць​

Юлія Цімафеева
Юлія Цімафеева

​Шчыра кажучы, я ніколі ня думала пра некага як пра сымбаль беларускай дзяржаўнасьці. Мабыць, таму, што я прытрымліваюся ў нейкай ступені анархісцкіх поглядаў. Для мяне як для творцы любая дзяржава ёсьць носьбітам пэўнай ідэалёгіі, нават калі яна дэкляруе адваротнае. Любая дзяржава была створаная, каб абмяжоўваць — хаця б таму, што, гаворачы пра яе, мы найперш уяўляем тыя межы, у якіх яна існуе. Кантраляваць, стрымліваць, сачыць — гэтым займаецца дзяржава.

Ці хачу я, каб дзяржаваў не было ўвогуле? Думаю, не. Я да гэтага не гатовая і, канечне, я за беларускую незалежнасьць. Бо я была выхаваная з уяўленьнем пра сьвет як пра сукупнасьць дзяржаваў. Магчыма, некалі ў прыгожай будучыні, калі людская сьвядомасьць зьменіцца, зьнікне і дзяржаўнасьць. Зьявіцца нейкая іншая форма чалавечага суіснаваньня. А пакуль жа адзінае, што застаецца цяперашнім творцам — крытыкаваць свае дзяржавы, а ня славіць іх.

Славамір Адамовіч, паэт: Прытыцкі і Пазьняк

Славамір Адамовіч
Славамір Адамовіч

​Гэта Сяргей Прытыцкі ў пэрыяд 1931-1939 як прамоўтар антываршаўскага прабеларускага руху ў этнічных беларускіх землях на захадзе Краю. Зянон Пазьняк як прамоўтар «антымаскальскага» (антыкрамлёўскага) і прабеларускага руху ў пэрыяд 1988-1994.

Дзякуючы ў немалой ступені першаму маем хаця і без Беласточчыны, але з Гародняй жа, заходнія землі Краіны. Дзякуючы другому — увогуле Беларусь як дзяржаву.

Ларыса Сімаковіч, кампазытар: Я абіраю Міхала Клеафаса Агінскага​

Ларыса Сімаковіч
Ларыса Сімаковіч

​Што ёсьць герой? Ведаю, шмат хто назаве Каліноўскага — сапраўды, герой! Але я абіраю Міхала Клеафаса Агінскага.

Ну, ня ўсё атрымалася, але гераічнага шмат было па жыцьці. Ня кажучы пра няроўную і прадказальную бойку з Суворавым, мяркую, гераічнымі былі ўсе дзеяньні па захаваньні ВКЛ — ад размоў з Кацярынай ІІ, Напалеонам, Аляксандрам І.

Думаю, нездарма ў Флярэнцыі ён ляжыць побач з Дантэ, Мікелянджэлё і іншымі.

Сяргей Абламейка, пісьменьнік, журналіст, гісторык: Беларускім Пілсудзкім і Масарыкам стаў Алесь Чарвякоў​

Сяргей Абламейка
Сяргей Абламейка

​У чэхаў і палякаў незалежныя дзяржавы пасьля 1918 году замацаваліся. Адпаведна, у нацыянальным пантэоне і гісторыі замацаваліся іх лідэры. У беларусаў дзяржава (БНР) не ўтрымалася, але затое паўстала квазідзяржава БССР.

Заглыбленыя ў савецкае мінулае назавуць Машэрава. Пакаленьне цяперашніх 50-60-гадовых можа назваць Лукашэнку — гэтак іх бацькі лічаць сваім найлепшым часам 60-70-я гады ХХ стагодзьдзя, калі быў адносны дастатак і ў спакоі гадаваліся дзеці. Калі казаць пра канец ХІХ — пачатак ХХ стагодзьдзя, то я б назваў трыюмвірат у складзе Вацлава Іваноўскага і братоў Івана і Антона Луцкевічаў.

Але тут ёсьць адно «але». Мы гаворым пра ідэолягаў і выканаўцаў або пра ідэолягаў, якія сталі выканаўцамі. У выпадку БНР чалавекам, які ў выніку найбольш для гэтай ідэі зрабіў, стаў Пётра Крачэўскі.

Але была яшчэ і БССР, якую мы сёньня нярэдка пляжым за камунізм і савецкасьць. І забываем, што ў 1925 годзе большасьць палітычнай эліты БНР прызнала Менск і БССР адзіным цэнтрам будаваньня беларускай дзяржаўнасьці. Той самы Мікола Ўлашчык любіў у 60-70-я гады ХХ стагодзьдзя паўтараць у размове з маладымі калегамі: «Так, так, малады чалавек, у 20-я гады мы мелі сапраўдную беларускую дзяржаву».

Дык вось, у той дзяржавы таксама былі два лідэры — ідэоляг і практык. Першым быў наркам асьветы і старшыня Інбелкульту Ўсевалад Ігнатоўскі, а другім — шматгадовы кіраўнік уладнай вэртыкалі, старшыня ЦВК БССР (1920-1937) Алесь Чарвякоў. Таму хочам мы таго або не, падабаецца гэта нам або не — але з чыста фармальнага гледзішча беларускім Пілсудзкім і Масарыкам стаў Алесь Чарвякоў, які 16 чэрвеня 1937 году, усьвядоміўшы поўны крах справы свайго жыцьця, а значыць і крах асабісты, застрэліўся ў сваім цесным пакойчыку пры залі пасяджэньняў ЦВК БССР у менскім Доме ўраду. Такі наш ня вельмі шчасьлівы лёс.

Ірына Хадарэнка, культуроляг: Патапаў і нацыянальны сьцяг

Ірына Хадарэнка
Ірына Хадарэнка

​Мяркую, што ў лік герояў беларускай незалежнасьці варта залічыць Яўхіма Патапава, які ачоліў адзін зь першых партызанскіх атрадаў на тэрыторыі Беларусі ў 1654 годзе, падчас маскоўскай акупацыі Мсьціслаўшчыны.

Наогул, менавіта ад гэтага часу можна адлічваць гісторыю партызанскага руху ў Беларусі. А партызан як адзін з нашых народных сымбаляў выглядае цалкам лягічна. Да другога сымбалю (ужо матэрыяльнага) я б аднесла бел-чырвона-белы сьцяг, які, паводле легенды, таксама ўтварыўся натуральным шляхам — ад заплямленай крывёй павязкі на галаве аднаго з айчынных змагароў супраць іншаземных акупантаў.

А хто сымбаль беларускай дзяржаўнасьці для Вас? Пакідайце свае адказы ў камэнтарах.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG