Вялікая Брытанія і Нямеччына спрабуюць пераканаць Трампа не выходзіць зь ядзернага пагадненьня з Іранам

Амбасадар Вялікай Брытаніі ў ЗША Кім Дарох, архіўнае фота, 2014 год

Брытанскія і нямецкія чыноўнікі актывізавалі намаганьні для перакананьня прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў тым, каб ягоная краіна засталася ўдзельніцай заключанага ў 2015 годзе ядзернага пагадненьня з Іранам.

Амбасадар Вялікай Брытаніі ў ЗША Кім Дарох заявіў, што зьняць занепакоенасьць Трампа ўсё яшчэ магчыма. «Мы лічым, што можам знайсьці нейкія словы, зрабіць пэўныя дзеяньні, якія здымуць занепакоенасьць прэзыдэнта», — заявіў Дарох у праграме тэлеканала CBS Face the Nation.

Прэзыдэнт Нямеччыны Франк-Вальтэр Штайнмаер папярэдзіў пра магчымыя страшныя наступствы ў выпадку скасаваньня дамоўленасьцяў з Іранам.

Пагадненьне, якое прадугледжвае міжнародны кантроль над ядзернай праграмай Ірану, было падпісанае пры адміністрацыі прэзыдэнта ЗША Барака Абамы. Тэгеран наўзамен атрымаў адмену міжнародных санкцыяў.

Дзейны прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп заявіў, што незадаволены ўмовамі і абвінавачвае Іран у парушэньні духу пагадненьня, паколькі Іран падтрымлівае баевікоў на Блізкім Усходзе і працягвае выпрабаваньні балістычных ракет. Трамп патрабуе, каб недахопы гэтага пагадненьня былі выпраўленыя да 12 траўня, інакш ЗША выйдуць з пагадненьня.