Прэзыдэнт Ірану Хасан Рухані заявіў, што ЗША «пашкадуюць аб выхадзе з ядзернага пагадненьня 2015 году» і што «яго краіна падрыхтавала пляны рэагаваньня на любое рашэньне прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа адносна гэтага знакавага пагадненьня».
«У нас ёсьць пляны супрацьстаяць любому рашэньню Трампа па ядзерным пагадненьні», — сказаў Рухані ў сваім выступе 6 траўня, які трансьляваўся ў жывым эфіры па дзяржаўным тэлебачаньні. «Калі Амэрыка пакіне ядзернае пагадненьне, то неўзабаве гэта пацягне за сабой гістарычнае раскаяньне», - дадаў ён.
Рухані не ўдакладніў, як адкажа Іран, калі ЗША адмовяцца ад зьдзелкі. Разам з тым ён паведаміў, што аддаў «неабходныя загады», у прыватнасьці, у Іранскай арганізацыі ў пытаньнях атамнай энэргіі, у чаканьні рашэньня Трампа. Трамп неаднаразова пагражаў вывесьці Злучаныя Штаты зь ядзернай зьдзелкі з Іранам, калі эўрапейскія саюзьнікі не ліквідуюць «страшныя заганы» гэтага пагадненьня да 12 траўня.
Пагадненьне забясьпечвала Тэгерану зьняцьце санкцыяў у абмен на значныя абмежаваньні ў дачыненьні да яго ядзернай праграмы. Аднак Трамп лічыць, што ўмовы недастаткова строгія.
Нямеччына, Францыя, Расея, Кітай і Вялікабрытанія таксама падпісалі пагадненьне і заклікалі Вашынгтон захаваць свой удзел. На думку пяцёркі краінаў, гэта найлепшы спосаб перашкодзіць Ірану стварыць ядзерную зброю.