9 красавіка на сайце «Народныя Навіны Віцебска» зьявіўся артыкул пра паводку на Дзьвіне. Апроч тэксту, у матэрыяле былі і фатаздымкі, якія зрабіў Сяргей Серабро. Адна зь дзяўчат, якая трапіла ў кадар, напісала скаргу ў міліцыю, заявіўшы пра «парушэньне таямніцы прыватнага жыцьця». Ідзе разбор.
Сяргей Серабро кажа, што прэтэнзіі да фатаздымка з трыма дзяўчатамі пачаліся пасьля таго, як артыкул быў перадрукаваны адной зь віцебскіх суполак «Укантакце».
«Частка камэнтароў да артыкула пра ўзровень вады ў Дзьвіне была прысьвечана зьнешнасьці дзяўчат, якія трапілі на здымак. Мяне, уласна, зацікавіў элемэнт краявіду — падтоплены вадой парапэт, на якім яны стаялі. Дарэчы, дзяўчаты выдатна бачылі, што я фатаграфую, і прэтэнзій у іх не было. Усё гэта я патлумачыў участковаму Кастрычніцкага РАУС Максіму Бабахіну. Ён даў мне падпісацца пра тое, што са мной праведзена «прафіляктычная гутарка», — сказаў Свабодзе Сяргей Серабро.
Як яму стала вядома, заяву ў міліцыю паводле артыкула 179 «Незаконнае зьбіраньне або распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыцьцё» напісала адна з выпадковых «мадэляў». Спачатку яна тэлефанавала аўтару фатаздымка і патрабавала яго выдаліць, аднак аўтар ня бачыць для гэтага падстаў. У тым ліку таму, што артыкул перадрукавалі іншыя інтэрнэт-рэсурсы, і фота даўно гуляе па сеціве.
На Двине в Витебске начался паводок, затопит ли половодье Золотую рыбку на набережной? #vitebsk https://t.co/cWNXwrqik2
— Новости Витебска (@vitebsk_news) 9 April 2018
Спадар Серабро — рэдактар і заснавальнік сайту «Народныя Навіны Віцебска». Падобных выпадкаў за амаль 12-гадовую гісторыю рэсурсу ён прыгадаць ня можа. І перакананы, што нічога не парушаў, а ўсяго толькі сфатаграфаваў віцебскі краявід разам з жыхарамі гораду, якія апынуліся ў кадры.
Такой самай думкі прытрымліваецца і юрыст ГА БАЖ Алег Агееў.
«Безумоўна, у журналіста ёсьць абавязак атрымліваць згоду фізычных асоб на правядзеньне аўдыё- і відэазапісу, кіна- і фатаздымкаў. Але — за выключэньнем іх правядзеньня ў месцах, адкрытых для масавага наведваньня, падчас масавых мерапрыемстваў. Мяркуючы па дадзеным фатаздымку, ён якраз і зроблены ў публічным месцы», — сказаў юрыст.
Алег Агееў падкрэсьлівае, што разьмешчаны на сайце фатаздымак ніяк не ідэнтыфікуе асоб, якія на ім выяўленыя. Тым болей не раскрывае ніякай таямніцы іх асабістага жыцьця. Таму і падстаў для прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці няма.